Monday, 25.11.2024, 15:38
Welcome Guest

Уніфармалогія беларускага войска

Артыкулы

Main » Articles » Артыкулы

Звычайны фашызм
З выдання Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. / Алег Латышонак, Яўген Мірановіч.-Смаленск: Інбелкульт, 2013.
Габрэйскае насельніцтва дастаткова раўнамерна засяляла ўсю Беларусь. Кожны дзясяты жыхар краю быў габрэем. Для расейскіх уладаў габрэі былі праблемай, бо, як і дробная шляхта, яны ня ўпісваліся ў саслоўную структуру імпэрыі. Кацярына ІІ, як ужо згадвалася, задаволілася абмежаваньнем габрэям магчымасьцяў у выбары месца жыхарства, аднак надала ім у Беларусі мяшчанскія правы.
Расейскія ўлады бачылі ў габрэях шкодны элемент. Іх абвінавачвалі, і ў гэтым уладам дапамагала мясцовая шляхта, у эксплюатацыі і спойванні сялян. Менавіта дзеля гэтага нарадзілася задума выселіць габрэяў зь сельскай мясцовасьці. Але калі Кацярына ІІ намеравалася рабіць гэта паступова, “прыпісваючы” габрэяў да гарадоў і мястэчак, то Аляксандр І вырашыў дзейнічаць хутка. У 1804 г. ён загадаў перасяліць да 1808 г. усіх габрэяў зь вёсак у гарады. Непаслухмяных пад эскортам жаўнераў і сялян пераганялі ў гарады і мястэчкі, дзе пакідалі пад голым небам. У 1808 г. уся гэтая кампанія была спынена з-за напалеонаўскіх войнаў, аднак толькі часова.
У 1823 г. цар выдаў дэкрэт, які загадваў габрэям у Магілёўскай і Віцебскай губэрнях перастаць да 1824 г. вырабляць алкагольныя напоі і арандаваць землі і паштовыя станцыі, а да 1825 г.–перасяліцца ў гарады і мястэчкі. Да студзеня 1824 г. ва ўсходняй Беларусі выгналі з дамоў каля 20 тыс. габрэяў. Хоць расейскія ўлады самі вырашылі запаволіць тэмп высяленьняў, неўзабаве прытулку шукалі ўжо 40 тыс. габрэяў.
Віцебскі губэрнатар дакладваў начальству, што выгнаньне габрэяў выклікала заняпад рамесьніцтва, але ня зьменшыла п’янства сярод сялян. Мужыкі мусілі езьдзіць па гарэлку ў горад, дзе “траплялі ў поўную распусту і валацужніцтва”. Тым ня менш, новы імпэратар Мікалай І чарговым дэкрэтам ад 1827 г. выгнаў габрэяў зь вёсак Гарадзенскай губэрні.
У тым жа самым годзе габрэяў абавязвалі даваць рэкрутаў. Аднак калі хрысьціяне мусілі даваць рэкрутаў у памеры 7 мужчын з тысячы раз на два гады, дык ад габрэяў бралі па 10 рэкрутаў у памеры з тысячы мужчын штогод. Пры гэтым хрысціян бралі пасьля 18 гадоў жыцьця, а габрэяў–ва ўзросьце 12 гадоў. Для габрэйскіх хлопцаў стварылі адмысловыя батальёны і школы, у якіх яны заставаліся да спаўненьня 18 гадоў, пасьля чаго яны мусілі яшчэ адслужыць належныя 25 гадоў.
У 1835 г. было выдадзена распараджэньне, якім пацьвярджалася забарона габрэям жыць у вёсках і ўводзіліся новыя абмежаваньні ў свабодзе перамяшчэньня.
У 1839 г. габрэяў пазбавілі большасьці мяшчанскіх правоў і забаранілі ім займаць пасады бурмістраў і іншыя адказныя пасады ў гарадзкіх уладах. Ва ўстановах самакіраваньня іх доля не магла перавышаць адной траціны. Таксама ўводзіліся асобныя выбарчыя курыі для хрысьціян і габрэяў. Заганяючы габрэяў у гарады і мястэчкі, расейцы зьмянілі этнічную структуру гарадзкога насельніцтва ў бок часам абсалютнай перавагі габрэяў. Падчас выбараў у органы самакіраваньня даходзіла нават да анэкдатычных сытуацыяў. У Быхаве, дзе адзін хрысьціянін прыпадаў на 50 габрэяў, здолелі выбраць бурмістра, але ніяк не ўдалося знайсьці хрысьціяніна на пасаду аднаго з двух ратманаў. У выніку яны вымушаныя былі прасіць згоды імпэратара на тое, каб у якасьці выключэньня абодвума ратманамі былі габрэі.
У 1844 г. Мікалай І выдаў дэкрэт аб пераглядзе саслоўнай прыналежнасьці габрэяў. 80% габрэйскага насельніцтва меркавалася аднесьці да неаселых мяшчан, прызнаных “непрыдатнымі”. Перагляду ўсё ж не зрабілі, аднак сама толькі шматгадовая дыскусія па гэтым пытаньні трымала габрэйскую грамадзкасьць у няспынным страху, таксама, зрэшты, як падобны перагляд–дробную шляхту.
Загнанае пад прымусам у гарады і мястэчкі габрэйскае насельніцтва ў асноўным жыло ў страшэннай галечы, яшчэ большай, чым хрысьціянская бедната.
Малюнак Солнцава. Другая палова 19 ст.
Category: Артыкулы | Added by: Сяржук_з_Барысава (01.03.2015)
Views: 578 | Comments: 1 | Tags: Турма народаў | Rating: 0.0/0
Total comments: 0
Name *:
Email *:
Code *:
Login form
Артыкулы [105]
Section categories
Артыкулы [105]
Our poll
Rate my site
Total of answers: 15
Site friends
  • Create a free website
  • Online Desktop
  • Free Online Games
  • Video Tutorials
  • All HTML Tags
  • Browser Kits
  • Statistics

    Total online: 1
    Guests: 1
    Users: 0
    Copyright MyCorp © 2024 | Free website builderuCoz