Зброя касінераў у Паўстанні 1863-1864 гадоў
Аўтар: Сяржук Кабрусёў
У арганізацыі і абмундзіраванні войска літвінскіх і польскіх паўстанцаў у 1863 годзе прасочваецца ўплыў армій еўрапейскіх краін: Расіі, Аўстрыіі, Прусіі, Францыі.
Пяхота паўстанцаў падзялялася на лінейную і лёгкую. Аддзелы лёгкай пяхоты падзяляліся на роты стральцоў пешых і элітныя роты зуаваў. Касінерскія батальёны лінейная пяхоты паўстанцаў павінны былі складацца з 4-х рот касінераў узброеных пікамі і дзвух стралецкіх рот. На поле боя касінеры павінны былі выконваць функцыю штурмовых адзелаў, якія сваім ударам у пікі павінны былі рассеяць ланцугі расейцаў, якіх зрэдзілі сваёй трапнай стральбой літвінскія стральцы.
Для выраблення пік з кос паўстанскае войска карысталася дапаможнікам “Навука аб прыстасаванні кос і пік для абароны ...”, які быў выдадзены ў Варшаве ў 1830 годзе пад час другога паўстання. Каваль павінен быў выпраміць касу і зрабіць у хвасце дзве адтуліны. Да пікі з касы трэба зрабіць драўлянае дрэўца даўжынёй каля 4-х лакцёў (2188 мм) і таўшчынёй каля 2-х цаляў (каля 54 мм). Піка ўсталёўвалася ў паз на канцы дрэўца, прымацоўвалася да яго жалезным абручом і дзвума заклёпкамі. Пад абруч ставілася дзве жалезныя паласы для аховы дрэўца ад удараў палаша.
Добрая эрзац-піка атрымлівалася з цісака для сечкі. Пры гэтым каваль павінен быў перакаваць канец цісака, каб зрабіць з яго дзіду.
Таксама ў дапаможніку апісвалася, якія памеры павінна была мець статутная пяхотная піка. Так, у прыватнасці, даўжыня наверша пікі павінна быць 12 цаляў, дзе 7 цаляў даўжыня ляза. Шырыня ляза 2,5 цалі. Хвост наверша даўжынёй 1/2 лакця і да дрэўца прыбіты трыма цвікамі. З супрацьлеглага канца дрэўца прымацаваны да яго тыльнік даўжынёй і таўшчынёй як хвост ляза.
Такціка боя батальёна касінераў у полі апісвалася ў рэгламенце “Муштра касінераў” Людвіка Міраслаўскага, які быў надрукаваны ў Парыжы ў 1861 годзе.
Для абароны ад кавалерыі ланцуг касінераў павінен быў уткнуць пікі перад сабой у зямлю. Атака здзяйснялася дзвума шэрагамі. Першы шэраг касінераў блакіраваў праціўніка, другі шэраг калоў ворага ў бруха. Таксама рэгламент прадугледжваў выкарыстанне касінерамі спецыяльных абарончых шчытоў і рагатывак-касак, якія павінны былі знізіць смяротнасць пікінёраў ад агня расейскіх стральцоў. Пасля паўстання Міраслаўскі ў Бельгіі і Францыі праводзіў выпрабаванні сваіх вынаходніцтваў у стралецкіх батальёнах, якія выявілі іх неэфектыўнасць.
Пікі літвінскіх касінераў. Малюнак з выдання “Навука аб прыстасаванні кос і пік для абароны ...”, 1830 год
Стралец пешы і касінер
Косы касінераў. Музей у Млаве. Фота аўтара
Касінеры і сапёр з шчытамі. Малюнак з рэгламента 1861 года
|