Вескі, якія праглынуў Барысаў
Аўтар: Серж Кабрусеў, чэрвень 2021.
Аповед пойдзе пра беларускія вескі, якія ўвайшлі ў склад Барысава.
Лядзішча.
Лядзішча, так гучала назва былой вескі, якая знаходзілася ў пачатку 20 стагоддзя на правым беразе ракі Бярэзіны на вяршыне марыннай ледавіковай гары недалека ад бальшака, які веў з Зембіна да пераправаў праз Бярэзіну каля Барысава.
Назва вескі, відавочна, паходзіць ад тэрміна ляда, які азначаў месца ў лесе пад распашку, якое ачысцілі ад дрэваў. Зямля, на якой узнікла веска, прыналежала скарбу Расійскай імперыі (у 19 стагоддзі выкупленая ў Радзівілаў клецкай ардынарыі).
Па дадзеным мапы РСЧА 1929 года ў весцы было 14 дамоў.
Па дадзеным мапы 1933 года РСЧА ў весцы было 15 дамоў.
У канцы 20-х гадоў 20 стагоддзя каля вескі бальшавікі пачалі будаваць вайсковую частку для кантролю бальшака ў Барысаў з Зембіна. Таксама былі пабудаваныя цагляныя чатырохпавярховыя дамы і драўляныя баракі
для афіцэраў (самы стары цагляны жылы дом 1930 года пабудовы). Ад бліжэйшай вескі гэты вайсковы гарадок і сама частка атрымалі назву Лядзішча.
Вайсковы гарадок разросся і паглынуў саму веску. Жыхары вескі былі выселеныя, іх хаты прыстасавалі пад жытло для вайскоўцаў. Пазней частка хат была зруйнаваная, на іх месцы быў пабудаваны стралковы тыр. У першай палове 80-х гадоў 20 стагоддзя на месцы тыра пабудавалі два пяціпавярховыя дамы. Частка вясковых драўляных хатаў выкарыстоўвалася вайскоўцамі для санчасткі да канца 80-х гадоў, пакуль хаты не знеслі.
Ад вескі доўгі час заставаўся бярозавы гай, зямля ў якім здавалася ў арэнду мясцовым жыхарам пад агароды. Летам 2020 года дрэвы былі спілаваныя, на месцы гая вядзецца будаўніцтва мікрараена Лядзішча-2.
Да сярэдзіны 90-х гадоў у Лядзішчах размяшчаліся вайсковыя часткі, якія прыналежалі 7-му танкаваму войску МА СССР.
Назву Лядзішча ў 30-40-х гадах меў таксама вайсковы палігон, менаваўся Гарматны палігон Лядзішча. Палігон размяшчаўся на месцы старога царскага стрэльбішча, зараз яго тэрыторыю займае 740-я ракетна-зянітная брыгада і 227-мы агульнавайсковы палігон МА РБ. Пад час гітлераўскай акупацыі тэрыторыя палігона выкарыстоўвалася для пахавання ахвяраў гітлераўскага тэрора, якіх звозілі сюды з турмы СД у Лядзішчах у газенвагенах.
У сярэдзіне 90-х гадоў 20 стагоддзя вайсковы гарадок Лядзішча быў пераданы вайскоўцамі гораду. Назва Лядзішча захавалася за гэтым раенам Барысава. У раене вуліца Дняпроўская, якая перакрыжоўваецца з вуліцай
Шпітальнай. У Лядзішчах знаходзяцца сярэдняя школа №16, Дом культуры (былы Дом афіцэраў), пошта, некалькі крамаў, расійская царква.
Неафіцыйная назва раёна апошнія 50 год-ЛядзІшчы, Ляды.
Дымкі.
Выска Дымкі знаходзілася на правым беразе Бярэзіны насупраць Барысаўскай літоўскай крэпасці (замка, фартэцыі, гарадка) каля маста праз рэку ўздоўж бальшака з Зембіна да пераправы. Размяшчалася на землях,
якія ў 19 стагоддзі былі выкупленыя расійскім скарбам у Радзівілаў клецкай ардынацыі.
У пачатку 19 ст. веска існавала дакладна, бо пазначана на расійскіх і іншаземных мапах таго часу.
На мапе Шуберта 1832 года гэты населенны пункт пазначаны як Дымка.
Па дадзеным мапы 1929 года РСЧА ў весцы было 24 дамоў.
Ад слова дым, які азначаў сялянскую гаспадарку, верагодна і паходзіць назва вескі Дымкі.
Па дадзеным мапы 1933 года РСЧА ў весцы было 34 падворка.
Землі ўсходней вескі і ніжэй па плыні Бярэзіны прыналежалі землеўладальнікам Свідам. Пасля паўстання 1863 года Раманавы канфіскавалі землі ў расескі скарб і прадалі па льготнаму кошту з вялікай растэрміноўкай па выплаце расійскаму генералу-карніку Каладзееву. Яго сын расійскі абшарнік і русіфікатар пачаў здаваць гэтыя землі ў канцы 19 стагоддзя ў арэнду пад жылую і прамысловую забудову. Новае паселішча атрымала назву пасад Новабарысаў. У 1900-м годзе пасад быў уключаны ў межы горада Барысава, раен горада пазней атрымаў назву Новы горад альбо Новы Барысаў. Гістарычная левабярэжная частка горада стала менавацца Стары горад.
Паміж пасадам Новабарысаў і вескай Дымкі ў пачатку 20 стагоддзя існавала паселішча (слабада, пасад) купцоў, якія вазілі рэчы, сыравіну, збожжа з Украіны і трымалі іх у гэтым месцы. У выніку пашырэння гэтага пасада, вескі Дымкі і раена Новабарысаў атрымалася зліцце вескі Дымкі з горадам Барысавам. Адбылося гэта ў 20-х гадах пры бальшавіках. Веска стала адным з раенаў Барысава, ад яе атрымала назву сучасная вуліца Дымкі, якая калісці была вясковай вуліцай.
Забудавана вуліца пераважна драўлянымі аднапавярховымі хатамі, сярод якіх есць дамы пачатка 20 стагоддзя. На вуліцы знаходзяцца шынмантаж, некалькі крамаў, гаражны комплекс. У 80-х гадах на вуліцы была крама скупцы бытавой электраапаратуры. У яе будынку ў 90-х гадах адчыніўся бар "Тры дарогі" (не працуе з сярэдзіны 2000-х). Ад вуліцы ідзе насып да былога драўлянага маста, якога зараз няма. Таксама сярод жылой забудовы можна знайсці паўзасыпаныя каналы-рэшткі вялікага лецішча з паркам і каналамі, якое тут калісці было ў пачатку 20 стагоддзя.
Печы і Цагельня.
На планах генеральнага межавання канца 18 стагоддзя Печы пазначаныя як засценак. Знаходзіўся засценак на левым беразе рэчкі Пліса.
Печы патрапілі на мапу Шуберта 1832 года.
У пачатку 20 ст. побач з вёскай Печы знаходзіліся хутара Цагельня.
Па дадзеных мапы 1929 года РСЧА ў вёсцы Печы было 29 падворкаў, у хутарах Цагельня 7.
Наконт паходжання назваў гэтых населеных пунктаў ёсць некалькі версій. Аўтар прытрымліваецца наступнай. На правым беразе Плісы паміж Пячамі і вёскай Гара знаходзіўся стары кар'ер, у якім здабывалі пясок і гліну. Вазілі праз мост, пабудаваны праз рэчку. У гэтым месцы ў другой палове 30-х гадоў бальшавікі пачнуць будоўлю чыгункі з Барысава на Асіповічы, ад якой зараз засталіся рэшткі чыгуначнай грэблі. Уканцы 20-х гадоў каля чыгункі Масква-Мінск насупраць кар'ера знаходзіўся цагляны завод. Верагодна, Печы і Цагельня былі неяк задзейнічаны ў вытворчасці цэглы. Не выключаю, што ў 19 стагоддзі цагляны завод непасрэдна знаходзіўся ў Пячах, дзе гэтую цэглу ляпілі і абпальвалі ў пячах. Адсюль такія назвы гэтых населеных пунктах.
У пачатку 30-х гадоў 20 стагоддзя каля вёскі Печы расійскія вайскоўцы распачалі будоўлю вайсковай часткі для кантролю бальшака і чыгункі з Менска на Маскву. Вайсковая частка і гарадок пры ёй атрымалі назву Печы ад бліжэйшай вёскі.
У сярэдзіне 30-х гадоў былі ўзведзены чатырохпавярховыя тыпавыя цагляныя дамы для афіцэраў, трохпавярховыя кашары з паравым ацяпленнем для жаўнераў (зараз перабудаваныя), Дом афіцэраў. Савецкая архітэктура гарадка патрапіла на здымкі гітлераўцаў, якія выкарыстоўвалі інфраструктуру вайсковай часткі для сваіх мэтаў пасля сыходу сталіністаў. Там пэўны час знаходзілася школа абвера для падрыхтоўкі агентаў з савецкіх калабарантаў.
Нарэшце, вайсковая частка разраслася і праглынула Печы і Цагельню. На месцы вёскі, вясковых могілак ў 60-я гады былі пабудаваныя боксы для тэхнікі і стадыён.
Зараз тут знаходзіцца "72-гі аб'яднаны вучэбны цэнтар" МА РБ.
Вайсковы гарадок перададзены Барысаву ў 90-х гадах. Жылыя дамы знаходзяцца па часткова пешаходнай вуліцы Сярэбранікава. Там жа некалькі крамаў, расійская царква, сярэдняя школа #7, амбулаторыя лякарская.
На прыкладзе Пячэй і Лядзішча бачна, што суседства вёсак з савецкімі вайсковымі аб'ектамі для іх небяспечна і прыводзіць да іх знікнення.
Бродня
Веска Бродня калісці знаходзілася каля старога бальшака, які вёў з Лагойска ў Барысаў.
Вёска адсутнічае на мапе Шуберта 1832 года (глядзі фота вышэй) і 1846 года Фіцінгофа. На месцы вёскі засценак Сорск.
На гэтых мапах на рэчцы Бродня заходней ад таго месца, дзе пазней узнікне вёска Бродня (верагодна, другая палова 19 ст, на месцы засценка Сорск), прысутнічае невялікае паселішча з такой жа назвай Бродня. Гэтае паселішча і вёска будуць суіснаваць побач да сярэдзіны 20 стагоддзя.
Па дадзеным мапы РСЧА 1929 года ў вёсцы Бродня было 74 падворка.
Вескі зараз няма, так атрымалася, што вёска часткова была перавезена ў Барысаў. Прычынай таму была будоўля ў першай палове 50-х гадоў 20 стагоддзя новага савецкага вайсковага палігона, які зараз мянуецца "227-мы агульнавайсковы палігон".
Новы вайсковы палігон будавалі шляхам пашырэння старога расійскага палігона часоў Раманавых у бок Лагойска. Пад ліквідацыю патрапілі некалькі вёсак, якія апынуліся ў гэтым раёне, сярод іх Бродня.
Аўтар год 20 таму назад пагутарыў з адным былым вайскоўцам, які ўдзельнічаў у будоўлі палігона. За перавоз гаспадаркі ў савецкіх вайскоўцаў была такса-вядро гарэлкі. За такую аплату хаты спраўна разбіралі і перавозілі ў бліжэйшыя вёскі ці ў Барысаў. Сялілі былых бродненцаў у раёне вуліцы Наватараў каля чыгункі, якая абслугоўвала барысаўскую электрастанцыю.
Ад былой вёсцы засталіся могілкі на пагорку. Туды перыядычна залятаюць снарады беларускіх вайскоўцаў.
Максімаўка
Хутара Максімаўка ў колькасці 9 сядзібаў прысутнічаюць на мапе РСЧА 1929 года.
Знаходзіліся паміж балотам і бальшаком з Барысава на Воршу абапал чыгункі на левым беразе Бярэзіны. Тут у пачатку 20 стагоддзя пры Раманавых узнікла прадпрыемства па здабычы торфу. Пры бальшавіках быў створаны калгас Камунар, які галоўным чынам займаўся торфараспрацоўкамі.
Паселішча працаўнікоў торфазавода хутка разраслося і ўтварыла вялікі раен, дзе зараз шмат вуліц і завулкаў з імёнамі расійскіх палітычных і навуковых дзеячаў (вуліцы Пірагова, Лазо, Тыміразева, Панфілава, Акружаная (недабудаваная чыгунка), Малая, Прыгарадная і тд.).
У канцы 60-х гадоў торфазавод спыніў сваю працу. Кар'еры, дзе калісці здабывалі торф ператварылі ў вазеры, часткова выкарыстоўваюць як палі аэрацыі. Частку кар'ераў ператварылі ў вялікую сметніцу, якая сапсуе паветра раёна Максімаўка і астатняга Барысава, асабліва ў час пажараў на сметніцы.
Раён таксама клічуць Торфабалота, Панфілава.
Вясной пад час павадку падворкі моцна падтаплівала. У гадах 70-х для барацьбы з падтапленнем былі пабудаваныя насосныя станцыі, якія адпампоўвалі ваду з каналаў у Сху. У сярэдзіне 80-х станцыі адпрацавалі свой рэсурс і былі закансерваваныя. Мясцовыя вандалы іх разабралі, засталіся падмуркі і пустыя сцены. У 2010-х на раёне была пабудаваная новая міліаратыўная сістэма з насосамі.
Зараз у раёне Торфабалота некалькі крамаў, чыгуначны прыпынак Бярэзіна, аддзел Белпошты #11, сярэдняя школа #24, ААТ Мінсктэлекамбуд.
Матусевічы і Разуваеўка.
Гэтыя населеныя пункты калісці знаходзіліся на паўночным-захадзе Барысава недалёка адзін ад аднаго. Зараз увайшлі ў межы горада.
Матусевічы прысутнічаюць на мапе 1846 года Фіцінгофа.
Паселішча было каля дарогі, якая шла з Бытчы ў Барысаў уздоўж левага берага Бярэзіны. На мапах РСЧА 1829 і 1933 гадоў Матусевічы ніяк не пазначаныя, хаця на мапах у гэтым раёне ўздоўж дарогі прысутнічае шмат сядзібаў. На польскай мапе 1932 года паселішча пазначанае як Слабада. Зараз тут праходзіць вуліца Чырвонаармейская. Захавалася некалькі аднапавярховых хат на каменных атынкаваных падмурках, відаць, пачатка 20 стагоддзя.
Хутара Разуваеўка ў 1929 годзе мелі тры падворка (згодна з мапай РСЧА). Знаходзіліся каля дарогі, якая вяла з Бытчы ў Барысаў па вяршыні ледавіковай гары. Зараз тут па вуліцы імя палка Нармандыі-Неман знаходзіцца жылая прыватная забудова і тэрыторыя санаторыя Бярэзіна.
Хутара Разуваеўка , відаць, атрымалі сваю назву ад паселішча Разува, якое існавала ў гэтым раёне ў 60-х гадах 19 стагоддзя (прысутнічае на мапе Шуберта таго часу), на мапах 20-30-х гадоў 20 стагоддзя адсутнічае. Паселішча знаходзілася на рагу двух апісаных вышэй дарог. Дарогу, якая шла па вяршыні гары , у 30-х гадах 20 стагоддзя пры бальшавіках спрамляюць, засыпаюць частку аўрага, які аддзяляў Стары Барысаў ад Барысава.
|