Friday, 29.11.2024, 05:54
Welcome Guest

Уніфармалогія беларускага войска

Артыкулы

Main » Articles » Артыкулы

ПРАВІЛЫ МУШТРЫ Й МАНЁЎРАЎ ДЛЯ ФРАНЦУСКАЙ ПЯХОТЫ

Przepis musztry i obrotow dla piechoty francuzkiey wydany w roku 1791. Tłómaczenie z Francuzkiego. Edycya nowa poprawiona i powiększona przez Inspektora Jeneralnego Broni, cz. IV, Warszawa 1811

 ПРАВІЛЫ МУШТРЫ Й МАНЁЎРАЎ ДЛЯ ФРАНЦУСКАЙ ПЯХОТЫ, ВЫДАНЫЯ Ў 1791 ГОДЗЕ. ПЕРАКЛАД З ФРАНЦУСКАЙ. РЭДАКЦЫЯ НОВАЯ Й УДАКЛАДНЕНАЯ ГЕНЕРАЛЬНЫМ ІНСПЕКТАРАМ ЗБРОІ, 4 ЧАСТКІ, ВАРШАВА 1811.

 АРТЫКУЛ 1

 Падрыхтоўка палка да бою

 Пасьля выданьня ў 1808 годзе правілаў муштры для пяхоты войска Княства Варшаўскага склад гэтага войска цалкам зьмяніўся, а значыць, і падрыхтоўка палка пяхоты павінна быць іншая.
 Калі брыгада зойме сваё месца ў баявым шыхце, першы з двух палкоў брыгады будзе стаяць на правым, а другі на левым крыле.
 Калі полк зойме месца ў сваёй брыгадзе, першы яго батальён стане на правым крыле, каля яго 2-гі батальён, а каля гэтага на левым крыле 3-ці батальён, захоўваючы паміж сабой дыстанцыю ў 24 крокі.
 Кожны батальён складаецца з адной роты грэнадзёраў, з адной вальціжораў і з чатырох рот фузілёраў, рота грэнадзёраў павінна стаць на правым крыле батальёна, рота вальціжораў на левым крыле, а паміж імі пасярэдзіне 1-шая, 2-гая, 3-цяя й 4-тая роты фузілёраў.
 Як толькі батальён выступае, рота грэнадзёраў шыхтуецца ў 1-шы зьвяз, 1-шая рота ў 2-гі зьвяз, 2-гая рота ў 3-ці зьвяз, 3-я рота ў 4-ты зьвяз, 4-я рота ў 5-ты, рота вальціжораў у 6-ты зьвяз.
 Кожны батальён будзе падзелены на два паўбатальёны, якія называюцца правы паўбатальён, левы паўбатальён.
 Першы й другі зьвяз кожнага батальёна будуць складаць 1-шую дывізію, а 3-ці ды 4-ты – другую, 5-ты ды 6-ты –трэцюю.
 Кожны зьвяз падзелены на дзьве дружыны пад назвамі першая й другая.
 Кожная рота будзе шыхтавацца паводле росту людзей з правага па левае крыло, пры гэтым найвышэйшых ставяць у першы шэраг, найніжэйшых у другі, а сярэдніх у трэці.
 Дыстанцыя паміж шэрагамі будзе ў адзін фут, вымяраючы ад грудзей чалавека зь першага шэрага да плячэй чалавека з другога шэрага, альбо да ранца, калі жаўнер будзе мець яго на сабе.
 У войску Княства Варшаўскага няма розьніцы паміж мірным часам і станам вайны, полк для моцы заўжды трэба шыхтаваць у тры шэрагі. Зьвязы павінны быць зраўнаваныя ў кожным батальёне, лішак людзей з адной роты павінен быць далучаны да другой.

 Месца афіцэраў і пад-афіцэраў у баявым шыхце

 Капітан на правым крыле роты ў першым шэрагу, паручнік у двух кроках за цэнтрам другой дружыны, падпаручнік за цэнтрам першай; старшы сяржант у двух кроках за правым крылом другой дружыны; 1-шы сяржант стаіць за капітанам у 3-ім шэрагу; у манёўрах ён называецца пад-афіцэрам-намесьнікам, бо ўступае на месца капітана й зьяўляецца вядучым свайго зьвяза на правым крыле.
 Другі сяржант за другой ротай левага крыла другога паўбатальёна, зьяўляецца левым вядучым свайго зьвяза; у 6-ым-жа зьвязе батальёна 2-гі сяржант стаіць у 1-шым шэрагу на левым крыле батальёна, а за ім капрал у 3-цім шэрагу.
 Тое ж самае датычыцца зьвяза, які замыкае левае крыло 2-га батальёна.
 Трэці сяржант за другой ротай левага крыла 1-шай дружыны; 4-ты сяржант ідзе да харугвы.
 Фур’ер за 2-гой ротай правага крыла 1-й дружыны, капралы-жа паводле росту стаяць на правым і левым крыле свайго зьвяза, а дакладней у 1-шым і 3-цім шэрагу.
 Месцы няпрытомных афіцэраў і пад-афіцэраў павінны займацца ў адпаведнасьці з вайсковай годнасьцю; але, калі ў якой-небудзь роце не хапае капітана й паручніка, палкоўнік можа ў час манёўраў, калі лічыць патрэбным, накіраваць туды паручніка зь іншай роты.

 Месцы штаб-афіцэраў, ад’ютантаў і падад’ютантаў

 Маёр-палкоўнік і падпалкоўнікі на конях, ад’ютанты й падад’ютанты пехатой.
 Палкоўнік стаіць у 30 кроках за шэрагам аховы насупраць цэнтра 2-га батальёна свайго палка, маёр каля яго.
 Кожны падпалкоўнік у 20 кроках за шэрагам аховы свайго батальёна, насупраць роты харугвы.
 Ад’ютант кожнага батальёна ў 8 кроках за шэрагам аховы свайго батальёна насупраць цэнтра правага паўбатальёна.
 Падад’ютант кожнага батальёна ў 8 кроках за шэрагам аховы насупраць цэнтра левага паўбатальёна.

 Месца барабаншчыкаў і музыкаў

 Барабаншчыкаў кожнага батальёна шыхтаваць у два шэрагі, у 15 кроках за чацьвертым зьвязам свайго батальёна. Палкавы барабаншчык павінен стаць на чале барабаншчыкаў 1-га батальёна, капрал-барабаншчык - на чале барабаншчыкаў 2-га батальёна, а найстарэйшы барабаншчык 3-га батальёна - на чале барабаншчыкаў гэтага батальёна.
 Музыкі ў два шэрагі, у двух кроках за барабаншчыкамі 1-га батальёна.

 Варта харугвы

 Варта харугвы ў 1-шым батальёне складаецца з другога й трэцяга арловых і з 6-ці, а ў іншых з васьмі сяржантаў, што найлепш у палку маршыруюць; але такім чынам, каб з адной роты браць ня больш як двух. Варта павінна стаяць на левым крыле 3-га зьвяза, цалкам да яго належачы. Першы яе шэраг у 1-шым батальёне павінны складацца зь першага арловага, які нясе арла, 2-га й 3-га арловых з правага й левага боку ад яго, два іншыя шэрагі складаюцца кожны з трох сяржантаў.
 Пакуль арловых ня прызначылі, а пазьней у выпадку іх няпрытомнасьці, замяняць іх трэба старшымі сяржантамі й сяржантамі.
 Варта харугвы, пад-афцэры-намесьнікі ды тыя, хто знаходзіцца ў шэрагу ахоўнікаў, павінны трымаць зброю ў правай руцэ.
 Неабходна заўважыць, што ў 2-гі шэраг варты харугвы трэба заўсёды ставіць сяржантаў, якія найдакладней маршыруюць і трымаюць зброю.
 Палкоўнік выбірае з батальёна, дзе няма арловага, самага здольнага старшага сяржанта да харугвы, які дасканала быў-бы напрактыкаваны ў маршы, валодаў-бы як доўгім і хуткім крокам, так і здольнасьцю рухацца ва ўсе бакі, ня зьбіваючыся з зададзенага кірунку.

 Палкавая школа

 Палкоўнік, а ў яго адсутнасьць камандуючы штаб-афіцэр, адказны за шкаляваньне ўсіх афіцэраў, пад-афіцэраў і жаўнераў свайго палка.

 Афіцэрская школа

 Паколькі афіцэрская школа павінна ахопліваць усё, што зьмяшчаюць у сабе тры школы: жаўнера, зьвяза й батальёна, а веды могуць быць добра замацаваныя толькі праз злучэньне тэорыі з практыкай; значыць, у кожным палку, акрамя муштры ў полі, павінны выкладацца тэарэтычны бок справы.
 Такім чынам, камандзір палка зьбірае так часта, наколькі ён лічыць патрэбным, ці ў сябе, ці ў штаб-афіцэра, усіх афіцэраў і тлумачыць ім усе правілы, якія датычацца гэтых трох школ.
 Ніякі афіцэр ня будзе лічыцца дасьведчаным у сваіх абавязках, пакуль ня будзе ў стане выконваць і тлумачыць усё, што ў вышэй названых школах выкладаецца.
 У гэтай навуцы належыць толькі азнаёміцца з асноўнымі прынцыпамі манёўраў, не вымагаючы ад афіцэраў, каб яны ўсё ведалі даслоўна.
 Штаб-афіцэры часта вучаць афіцэраў маршыраваць, вельмі намагаючыся кожнага навучыць добра спраўляцца са зброяй і дакладна адбіваць крок у адпаведнасьці з загаданай даўжынёй ды хуткасьцю.

 Школа пад-афіцэраў

 Школа пад-афіцэраў будзе зьмяшчаць у сабе школу жаўнера й зьвяза. Абавязкам іх будзе добра ўмець, акрамя валоданьня сваёй зброяй, усё, што можа прыдацца да ўжываньня зброі, стральбы й маршыраваньня.
 Ад’ютанты й падад’ютанты маюць асаблівы абавязак займацца адукацыяй пад-афіцэраў.
 Камандуючы палком найперш упэўніваецца ў адукацыі ад’ютантаў, а пасьля робіць іх адказнымі за адукацыю пад-афіцэраў.
 Ад’ютанты й падад’ютанты найперш з найбольшай пільнасьцю вучаць усіх старшых сяржантаў і з кожнай роты па два найразумнейшыя пад-афіцэры.
 Калі гэтыя афіцэры будуць грунтоўна навучаныя, кожны зь іх выбірае двух ці трох пад-афіцэраў сваёй роты й вучыць іх пад наглядам ад’юданта й старшых сяржантаў.
 Скончыўшы першае навучаньне, якое зьмяшчае ў сабе толькі школу жаўнера, трэба сабраць усіх пад-афіцэраў кожнага батальёна, скласьці зь іх зьвяз у тры шэрагі, прызначыць ім начальніка зьвяза, пад-афіцэра-намесьніка й ахоўнікаў. Гэты зьвяз будзе муштравацца ад’ютантам або падад’ютантам у адпаведнасьці з правіламі школы зьвяза.
 Паколькі гэтая адукацыя мае за мэту ўтварэньне добрых пад-афіцэраў для навучаньня рэкрутаў, належыць растлумачыць ім усе асноўныя палажэньні дзьвюх першых школ спачатку ў полі, потым у тэорыі, якая таксама павінна ўваходзіць у абавязкі вядучых муштры батальёна.
 Для таго, каб такая адукацыя пастаянна ажыцьцяўлялася, абавязкам ад’ютантаў і падад’ютантаў будзе зьбіраць калі-небудзь пад-афіцэраў як для муштры ў полі, так і для тэорыі ў памяшканьні.
 Пасьля кожнай зьмены, якая адбываецца між пад-афіцэрамі, абавязкам старшых сяржантаў зьяўляецца вывучыць новапрыбылых сяржантаў і капралаў. Ад’ютанты й падад’ютанты павінны ўважліва за гэтым сачыць.
 Камандуючыя палкамі часта загадваюць муштраваць зьвяз харугвы й агульных вядучых у маршы фронтам. Найбольш яны будуць дбаць пра тое, каб прывучыць яго рухацца ў розныя бакі, ня губляючы кірунку, хуткасьці й роўнасьці кроку.

 Пераклад з польскай мовы на беларускую зрабіў Сяржук з Барысава.

Category: Артыкулы | Added by: Сяржук_з_Барысава (25.06.2015)
Views: 674 | Tags: 1812 | Rating: 5.0/1
Total comments: 0
Name *:
Email *:
Code *:
Login form
Артыкулы [105]
Section categories
Артыкулы [105]
Our poll
Rate my site
Total of answers: 15
Site friends
  • Create a free website
  • Online Desktop
  • Free Online Games
  • Video Tutorials
  • All HTML Tags
  • Browser Kits
  • Statistics

    Total online: 1
    Guests: 1
    Users: 0
    Copyright MyCorp © 2024 | Free website builderuCoz