Польска-беларуская вайна за Менск.
Аўтар: Сяржук Кабрусёў
У пачатку 1918 года колькасць беларускага і польскага насельніцтва (палякаў і апалячаных беларусаў) Менска ў Заходняй вобласці РСФСР было прыкладна аднолькавае. Польская дыаспара чакала зручнага моманта, каб папярэдзіць беларусаў і захапіць уладу ў Менску і краі, не спыняючыся дзеля гэтых мэтаў ні перад супольную працаю з бальшавікамі, ні перад правакацыямі ў іх вачах беларускай справы. Агенты Вярхоўнага польскага камітэту (ВПК) ў Штабе Заходняга фронту прыкладалі сваю руку да задушэння беларусафобам А.Мяснікянам беларускага нацыянальнага руха ў Менску (так лічыў беларускі вайскова-палітычны дзеяч К.Езавітаў). Так у снежні ў нетрах 289-га пешага запаснога палка згінуў расфармаваны бальшавікамі Першы Беларускі Менскі полк войска РСФСР, які стварыла Цэнтральная беларуская вайсковая рада. Сам 289-ты полк быў высланы за межы Менска на працу на чыгунцы. Бальшавікі нават спынілі фармаванне Чырвонай Беларускай Гвардыі, на якое згадзіўся беларускі актыў. У Віцебску Беларускі полк паручніка Лапа быў абязброены лаяльным да бальшавікоў польскім Чырвоным Варшаўскім дывізіёнам. 1 лютага арыштаваны ЧК старшыня ЦБВР Езавітаў, дзейнасць Рады забаронена. І ўсё гэта на фоне таго, што беларускі нацыянальны актыў нават не патрабаваў незалежнасці Беларусі ад РСФСР, а толькі дамагаўся нацыянальнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі. Для Мяснікяна, Леніна беларуская нацыя не існавала, як і для ўладаў Нямеччыны і польскіх актывістаў.
Сябры Вялікай беларускай рады і Беларускай цэнтральнай вайсковай рады. Менск, кастрычнік 1917 г.
У лютым 1918 года немцы перайшлі ў наступ па ўсяму Заходняму фронту. 19 лютага расейскія ўлады і рэвалюцыйныя батальёны пачалі эвакуацыю з Менска ў Смаленск. У горадзе на стратэгічных аб’ектах засталіся дробныя аддзелы бальшавіцкай варты. Дзеячы ЦБВР, якія пры набліжэнні немцаў збеглі з гаўптвахты ЧК на вуліцы Шырокай (сучасная вул. Куйбышава), арганізавалі атрады беларускай міліцыі. Пасаду беларускага камэнданта Менска заняў паруччык Кастусь Езавітаў.
Каля 21-15 19 лютага беларусы захапілі арсенал са зброяй на вуліцы Маскоўскай (дзе дакладна быў гэты арсенал, высветліць не атрымалася). Другі ўдар узброеныя беларусы вырашылі нанесці па органах улады РСФСР у Менску, якія размяшчаліся вакол пляца Волі. У 21-20 хахоплены былы Дом губернатара, дзе быў Савет камісараў Заходняга фронту і Заходняй вобласці (такую назву прыдумалі бальшавікі былому Паўночна-заходняму краю). У 21-25 заняты атэль Еўропа, дзе размяшчалася ЧК. Старшыня Савету народных камісараў К.Ляндар уцёк праз чорны ход.
Беларускае войска. Люты 1918 года.
Уначы Ляндар з’явіўся на Варшаўскім вакзале. Калі камісарскі цягнік пакідаў Менск, хтосці з антыбальшавікоў узарваў рэйкі пад цягніком. Эвакуацыя расейцаў прыпынілася, але хутка пад пагрозай артылерійскай бамбардзіроўкі Менска, чыгуначнікі аднавілі рух. Больш якіх-небудзь актыўных дзеянняў па захопу аб’ектаў у Менску ў гэты і наступныя дні беларусы не здзейснялі. Істотнай перашкодай гэтаму стала агрэсіўная дзейнасць польскай міліцыі.
Менск у лютым 1918 года: 1-Беларуская камэндатура. 3-Гарадская турма. 2-Кашарскі завод. 4-чыгуначныя масты. 5-Віленскі вакзал. 6-Варшаўскі вакзал
У той жа дзень 19 лютага польская дыаспара на чале з Польскай вайсковай арганізацыяй стварыла сваю міліцыю. Польская міліцыя пачала займаць паўднёва-заходнюю частку горада. Польскім камэндантам горада стаў І.Матушэўскі.
У 21-00 пілсудчыкі захапілі арсенал са зброяй на вуліцы Скобелеўскай (зараз гэта вуліца Чырвонаармейская. Дзе быў гэты арсенал, не вядома).
Каля 23-00 пачынаюцца сутычкі паміж пілсудчыкамі і белнацдэмамі. Пілсудчыкі абязбройваюць беларускія патрулі. У поўнач пілсудчыкі адбіваюць у беларусаў арсенал на вуліцы Маскоўскай.
Ідуць баі паміж пілсудчыкамі і бальшавікамі каля Кашарскага машынабудаўнічага завода (завода Кірава).
Трэба адзначыць, што акрамя белнацдэмаў, пілсудчыкаў, бальшавікоў да барацьбы за ўладу ў Менску далучыліся расейцы, якія былі прыхільнікамі былога Часовага ўрада РДР ці манархіі. На бок РДР перайшла былая бальшавіцкая менская міліцыя, створаная вясной 1917 года легендарным Фрунзе. У апоўначы штаб гэтай міліцыі быў разбіты і разрабаваны польскім атрадам:
Акт
1918 года февраля 7 (20) дня Во время отступления большевистских войск из города Минска и перехода власти к польской военной организации в 12 часов ночи того же числа было совершено нападение на штаб милиции польскими легионерами в числе приблизительно 20 человек с офицером во главе. Начальник милиции и караул при штабе были обезоружены, тяжело ранен милиционер и солдат, забраны продукты, выданные для довольствия милиционеров, выпиты разные напитки, хранившиеся в кладовой штаба как вещественные доказательства, и ограблен денежный ящик штаба, в котором находилось 25.884 руб. казенных денег, о чем начальником милиции своевременно было доложено городскому самоуправлению.
20 лютага, каб пазбегнуць ўзброеных сутычак паміж беларускімі і польскімі аддзеламі, Кастусь Езавітаў выдаў загад, які акрэсліў зону беларускіх інтарэсаў у Менску:
Приказ
по Гарнизону города Минска
20(7) Февраля 1918 года
№1
$ 1.
Распоряжением Белорусской Рады я назначен Начальником Гарнизона и Комендантом города Минска.
Приказываю населению сохранять полное спокойствие и выдержку.
Наступающая немецкая армия должна увидеть спокойно протекающую мирную жизнь населения, нежелающего продолжать безумной войны.
$ 2.
Для предупреждения возможных погромов и насилий над мирным населением в городе Минске с 12 часов 21 февраля вводится военное положение.
Всем без исключения воспрещается появляться на улицах города от 23 часов до 5 часов утра.
Город разделяется на два Комендантских участка:
Белорусский-Северо-Западная сторона города от Захарьевской ул. и Польский-Юго-Восточная сторона.
Граница: Койдановский тракт, Московская улица, Захарьевская улица и Гомельский тракт.
Комендант
Езовитов К.
Як бачым польска-беларуская “лінія фронта” прайшла па сучаснаму праспекту Незалежнасці і вуліцы Маскоўскай. Варшаўскі чыгуначны вакзал перайшоў пад кантроль беларусаў.
Кастусь Езавітаў. Камэндант Менска.
У той жа дзень 20 лютага створаны Першы Менскі беларускі полк пад камандаваннем І.Рачкевіча. Камандаванне кавалерыйскімі беларускімі швадронамі камэндатуры прынялі Нямкевіч і Мядзведзеў. Камандзірам беларускай міліцыі стаў Ф.Ждановіч. Беларускі актыў чакае вайсковага падмацавання з Румынскага фронта. Там знаходзіцца Беларуская дывізія. Становіцца з часам зразумела, што падмацавання не будзе. Наадварот, да пілсудчыкаў з Бабруйска едзе цягнік з вайскоўцамі з Першага польскага корпуса. Пілсудчыкі ідуць у наступ на беларусаў.
У 15-00 20 лютага польскія атрады займаюць Віленскі чыгуначны вакзал (сучасны Мінск-Пасажырскі), выбіў з чыгуначных мастоў бальшавіцкую варту. Пад кантроль пілсудчыкаў пасля боя пераходзіць электрастанцыя. Вядомы польскі даследчык Латышонак лічыць, што тыя бальшавіцкія патрулі, якія знішчылі пілсудчыкі, насамрэч былі беларускімі. Бальшавікі ўжо пакінулі Менск, тыя хто застаўся ў горадзе пасхоўваліся. Польскія баявікі запісвалі ў бальшавікі ўсіх, хто быў супраць іх.
21 лютага ў 4 гадзіны раніцы пілсудчыкі адбілі ў Беларусаў Варшаўскі чыгуначны вакзал (сучасная станцыя Інстытут культуры).
У 11 гадзін раніцы ў Менск увайшлі нямецкія аддзелы кавалерыі. У 15 гадзін у Менск прыбыў першы нямецкі цягнік.
Менск пад нямецкай акупацыяй. Зіма-вясна 1918 г.
Выканкам Рады Усебеларускага з’езда абвесціў сабе часовай уладай у Беларусі. Створаны Народны Сакратарыят на чале з Язэпам Варонка. Міністрам вайсковых спраў прызначаны К.Езавітаў.
22 лютага Езавітаў выдае загад аб уключэнні ўсіх беларускіх частак у склад беларускага войска: Нацыянальнага беларускага войска.
Вярбовачны плакат у Нацыянальнае беларускае войска.
25 лютага ў Менск увайшлі асноўныя сілы 10-га нямецкага войска. Польскім атрадам, якія немцы лічылі за сваіх хаўруснікаў, загадана пакінуць горад. Прычына гэтага загада ў тым, што польскія баявікі пачалі рабаваць дзяржаўныя склады з вайсковым рыштункам і харчамі, якія немцы лічылі сваімі трафеямі.
Менск пад нямецкай акупацыяй. Зіма-вясна 1918 г.
У той жа дзень новыя акупанты разбраяюць беларускае войска. Выканкам Рады выганяюць з Дома губернатара, канфіскуюць касу, скідваюць пахабна з будынка беларускі сцяг.
Менск пад нямецкай акупацыяй. Зіма-вясна 1918 г.
27 лютага польскія баявікі, нарэшце, пакідаюць места і накіроўваюцца ў Бабруйск. Нямецкі генерал-губернатар Менска стварае гарадское самакіраванне з былых царскіх службоўцаў, гарадскую міліцыю на ўзор нямецкай паліцыі. Дзейнасць рэвалюцыйных Саветаў, Народнага Сакратарыята пад забаронай. Пачынаецца нямецкае рабаванне Менска і Беларусі.
Былая бальшавіцкая міліцыя Фрунзэ на службе ў нямецкіх акупантаў Беларусі. У міліцыянта белая нарукаўка з надпісам "Міліція" па расійску.
Менск пад нямецкай акупацыяй. Зіма-вясна 1918 г.
|