Першы Беларускі полк Беларускай Народнай Рэспублікі
Аўтар Сяржук Кабрусеў
Першы Беларускі полк Беларускай Народнай Рэспублікі — першая спроба стварэння беларускай вайсковай адзінкі БНР. Полк створаны 11 лістапада 1918 года Народным сакратарыятам БНР у Менску. У тым жа месяцы ліквідаваны немцамі.
9 лістапада 1918 года Народны сакратарыят БНР у Менску выдаў пастанову аб фармаванні войска БНР. 11 лістапада генералу К. Кандратовічу, палкоўніку К. Езавітаву было даручана стварэнне штаба 1-га Беларускага палка войска БНР.
Начальнікам Штаба войска БНР у лістападзе 1918 года быў прызначаны падпалкоўнік Павел Вент.
Нямецкія акупанты забаранілі стварэнне палка, Езавітаў патрапіў у нямецкую турму. Штаб палка перайшоў на нелегальнае становішча.
Кастусь Езавітаў у пачатку 1920 года пісаў: «Во все время пребывания немцев на белорусской территории они вели политику заигрывания с большевиками и, не смотря на неоднократно возбуждаемые Радой Белорусской Народной Республики ходатайства, не разрешили белоруссам приступить к созданию своей армии. Когда же белорусское офицерство, пользуясь наличием в белорусских деревнях громадного количества, отобранного в свое время от большевиков и тщательно спрятанного от немцев оружия, приступило к формированию белорусских отрядов без разрешения немецких властей, инициаторы этих формирований во главе с полковником Езовитовым, были арестованы, посажены в тюрьму и только неожиданная вспышка немецкой революции спасла их от расстрела».
Далейшае стварэнне беларускіх вайсковых адзінак Народным сакратарыятам БНР было прызнана мэтазгодным толькі ў складзе войска Літоўскай Рэспублікі. У канцы 1918 года віцэ-міністрам Краёвай Абароны Літоўскай Рэспублікі (заступнікам Міністра абароны) быў прызначаны генерал К. А. Кандратовіч.
Стварэнне войска БНР прыпінілася да лістапада 1919 года.

Беларускі актыў у пачатку 1919 года. Немцы забаранялі афіцэрам насіць наплечнікі. Але вайсковым службоўцам не.
|