Monday, 25.11.2024, 15:43
Welcome Guest

Уніфармалогія беларускага войска

Артыкулы

Main » Articles » Артыкулы

Паўстаньне 1831 году
Па выданьню Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. / Алег Латышонак, Яўген Мірановіч.-Смаленск: Інбелкульт, 2013.


У лістарадзе 1830 г. супраць Расеі паўстала Царства Польскае. Выбух паўстаньня засьпеў Жамойць і Літву цалкам непадрыхтаванымі. Тым ня менш, пад канец сакавіка 1831 г. пачалося паўстаньне ў Літве, якое ў красавіку ахапіла ўсю Віленскую губэрню і прылеглыя паветы Менскай губэрні. У руках расейцаў засталіся толькі Вільня і Коўна.




Спражка паўстанца з гербам Рэспублікі


У ахопленных паўстаньнем паветах арганізоўвалася мясцовае кіраўніцтва і абвяшчалася мабілізацыя. Караль Пшазьдзецкі сабраў у Ашмянскім павеце 2500 чалавек. Палкоўнік Радзішэўскі набрал каля 3300 чалавек у непраходных пушчах вакол Мядзела. Усяго паўночна-заходняя Беларусь (Ашмянскі, Сьвянцянскі, Браслаўскі, Вялейскі і Дзісенскі паветы) выставіла каля 10 тыс. жаўнераў. Расейцы мусілі адбіваць з рук паўстанцаў Сьвянцяны, Дзісну, Вялейку, Лепель і Ашмяны. У апошніх была ўчыненая разьня жыхароў. Слаба ўзброеныя паўстанцы былі ня ў стане доўга супраціўляцца рэгулярным расейскім войскам. Пад канец траўня паўстанскія сілы былі тут разьбітыя.


Тым часам пачалося паўстаньне ў Гарадзенскай губэрні. Каля тысячы паўстанцаў схаваліся ў Белавескай пушчы. Ім удалося перахапіць шмат расейскіх транспартаў. Акрамя таго, яны парушылі сувязь паміж расейскімі войскамі ў Царстве Польскім і ў Літве.




Краёвая абарона з габрэяў


Толькі пад канец траўня з Царства Польскага на дапамогу паўстанцам у Літве і Жамойці накіравалі генэрала Дэзыдэрыя Хлапоўскага з кадравым атрадам, які налічваў няпоўную тысячу чалавек. Ягоныя афіцэры і інструктары павінны былі арганізаваць літоўскіх паўстанцаў у рэгулярнае войска. Хлапоўскі з ходу заняў Бельск-Падляскі, а затым правёў пераможную бітву з расейцамі пад Гайнаўкай. Адтуль ён рушыў празь Сьвіслач і Ліду ўглыб Літвы, зьбіраючы па дарозе паўстанцаў. Крыху пазьней у Літву прыбыў 12-тысячны корпус генэрала Гелгуда. 19 чэрвеня аб’яднаныя часткі польскага войска, а таксама літоўскіх і жамойцкіх паўстанцаў, спрабавалі здабыць Вільню, але былі адбітыя. Адтуль пасьля далейшых няўдачаў большасьць паўстанцаў адступілі на захад, перайшлі мяжу Прусіі і склалі зброю. Невялікі атрад на чале з генэралам Дэмбінскім прабраўся праз Гарадзеншчыну і Беласточчыну ў Царства Польскае. Па дарозе да іх далучыліся некалькі соцень паўстанцаў з Наваградчыны.
Апошнім уздымам паўстаньня ў Літве было ўзброенае выступленьне Мазырскага і Рэчыскага паветаў, а таксама Пінскага на поўдні Меншчыны ў чэрвені і ліпені. Расейцы лёгка справіліся з гэтым далёкім ад галоўных цэнтраў агменем паўстаньня.


Далей на ўход, у Магілёўскай і Віцебскай губэрні, паўстаньне набыло форму кароткачасовых шляхецкіх хваляваньняў.




Паўстанцы-касінеры. Малюнак Гембаржэўскага.


У пачатку жніўня паўстаньне ў Літве дагасала. У верасьні ў лясах хаваліся ўжо толькі рэшткі разьбітых паўстанцаў. Часьцей за ўсё гэта былі зьбеглыя сяляне, якія нападалі на панскія двары, вёскі і корчмы.
Паўстаньне 1831 г. ў Літве было ў асноўным паўстаньнем шляхты і мела польскі нацыянальны характар. Іначай было ў Жамойці, дзе паўстаньне пачаткова мела рысы антыфеадальнага жамойцкага нацыянальнага руху. Магчыма, прыклад Жамойці адбіў ахвоту і ў літвінскай шляхты, якую зь сялянамі падзяляла ня толькі саслоўе, але і веравызнаньне. Патрыятычны ўздым тут быў пераможаны боязьзю падбухторыць сялян. Таму паўстаньне набыло размах толькі ў раёнах зь перавагай рымакаталіцкага насельніцтва, на мяжы зь Літвой і Польшай.


Сутнасьць паразы паўстаньня ў Беларусі выдатна перадаў ананімны аўтар беларускага верша з тых часоў. Герой твору, касінэр з разьбітага атраду, скардзіцца свайму пану на няўмелых камандзіраў:


Уздумалі Польшчу пану звараціць,
Ды бадай ці ня лепей гасудару служыць.


Урэшце касінэр зласьліва хваліць пана, што той не пайшоў на паўстаньне:


Што ў нашую касьбу не мяшаўся
І цэлы ў канаплях перахаваўся.


Хоць паўстаньне ў Літве мела абмежаваны характар, яно зьвязала значныя сілы расейцаў у тыле іхнай арміі, якая змагалася ў Царстве Польскім.


Рэпрэсіі пасьля паўтаньня


Пасьля правалу паўстаньня шмат ягоных удзельнікаў апынуліся ў вязьніцы ці ссылцы, а частка зьбегла за мяжу. Згодна з жэкрэтам ад 6 траўня 1831 г. былі сэквэстраваныя маёнткі памешчыкаў, якія добраахвотна ўзялі ўдзел у паўстаньні і на працягу месяцу пасьля публікацыі дэкрэту не зьявіліся з пакаяньнем. Сэквэстар ахапіў 118 маёнткаў у Віленскай губэрні, 70–у Гарадзенскай, 22–у Менскай, 6–у Віцебскай і 1–у Магілёўскай. Гэтыя лічбы па-свойму сьведчылі пра тэрыторыі, якія ахапіла паўстаньне.




Уланы. Малюнак Гембаржэўскага.


Паўстанцам-памешчыкам, якія пакаяліся, пазьней давалі амністыю і вярталі маёнткі. Удзельнікаў паўстаньня нешляхецкага паходжаньня дэкрэтам ад 1836 г. аддавалі ў салдаты ці высылалі жыць у Сібір.


Акрамя таго, паўстаньне дало зручную нагоду для ўзмацненьня русіфікацыйных дзеяньняў. Бальшая частка гэтых дзеяньняў была распачатая ці заплянаваная задоўга да паўстаньня. Гэта датычыць зьменаў у судовым ладзе і адукацыйнай сыстэме, разбору шляхты, абмежаваньня правоў габрэйскага насельніцтва і скасаваньня царкоўнай уніі. З 1832 г. арганізацыяй выкананьня гэтых задачаў займаўся адмысловы Камітэт па справах заходніх губэрняў.
Category: Артыкулы | Added by: Сяржук_з_Барысава (01.03.2015)
Views: 731 | Tags: 1794, 1863, 1831 | Rating: 0.0/0
Total comments: 0
Name *:
Email *:
Code *:
Login form
Артыкулы [105]
Section categories
Артыкулы [105]
Our poll
Rate my site
Total of answers: 15
Site friends
  • Create a free website
  • Online Desktop
  • Free Online Games
  • Video Tutorials
  • All HTML Tags
  • Browser Kits
  • Statistics

    Total online: 1
    Guests: 1
    Users: 0
    Copyright MyCorp © 2024 | Free website builderuCoz