Thursday, 25.04.2024, 09:05
Welcome Guest

Уніфармалогія беларускага войска

Артыкулы

Main » Articles » Артыкулы

Нататкі пра Барысаў і не толькі.

Нататкі пра Барысаў і не толькі.

Аўтар Сяржук Кабрусеў.

1) У другой палове 70х канал Гайна Бярэзіна яшчэ існаваў. Зараз яго палова засыпаная. Канал быў пракапаны ў 50-х гадах 19 ст. для сплава леса з Гайны ў Бярэзіну.

2) На месцы сучасных барысаўскіх Пячэй да 30х гадоў была вёска Печы, якая складалася з 29 хат. Потым прыйшлі вайскоўцы РСЧА, вёску знеслі і пабудавалі на яе месцы свае аб'екты. На ўскрайку вёскі былі могілкі, ад якіх не засталося і сляда. Але месцазнаходжанне гэтых могілак мне атрымалася высветліць. Знаходзіліся яны на заходнім ускрайку вайсковага стадыёна пад боксамі для тэхнікі. Ці рабілі тут перапахаванне, не вядома.

3) Калісці хтосці мяне пытаў, дзе на Барысаўшчыне накапаць гліну ? Калі ласка. Каля вескі Светлы гай быў цагляны завод. Недалёка ад завода гліну і капалі. Завода ўжо няма, на яго тэрыторыі база МНЗ. Кар'ер зарос хмызняком, але гліну яшчэ там знайсці можна.

4) Есць у Барысаве кароткая вуліца Чкалава. Якое дачыненне мае расійскі лётчык да Барысава ? Верна, ніякага. У нас што, сваіх знакамітых людзей мала ? Калі няма жадання даваць назву вуліцам у гонар беларусаў, дык ёсць іншыя варыянты. У гэтым раёне ў пачатку 20 ст. знаходзіўся невялікі завод па хімічнай пераапрацоўцы дрэва, па-простаму, смалакураўка. З смалякоў, карчэй, жывіцы атрымлівалі паташ, шкіпінар, дзёгаць, каніфоль. Таму варыантаў новай назвы гэтай вуліцы будзе шмат, напрыклад, Смаляная, Смалявіцкая, Каніфольная, Шкіпінарная і т.д.

5) Эскіз дошкі, для ўсталявання на вул. Трусава ў Барысаве.

6)  Нафотаздымку ніжэй вагі з маей калекцыі. Раней прыналежалі барысаўскаму гандляру, якому перайшлі ў спадчыну ад яго матулі.

Важаць каля 700 г. Даўжыня 565 мм. Складаюцца з чатырох дэталяў. Шкала ў кропках вялікіх і маленькіх (фунтах).

6) Барысаўскі землятрус 10 (22) снежня 1887 года па дадзеных сайта helpiks.org адбыўся ў зоне тэктанічнага разлома ў месцы з каардынатамі 54.2-28.5 . Землятрус быў ў 3.7 бала. Пад час яго быў чутны гул, падобны навальніцы, шмат дзе ў дамах разбілася шкло. Землятрус быў на поўнач ад вёскі Ратуцічы.

7) Барысаўская гарадская лякарня пабудавана ў гістарычным месцы. Праз дарогу знаходзіцца месца пахавання ахвяр гітлераўскага тэрора. Ў асной масе гэта габрэі знішчаныя вермахтам, СС, беларускімі і латвійскім калабарантамі. На тэрыторыі лякарні былі будынкі Штаба групы Цэнтар, дзе 4 жніўня 1941 года праводзіў нараду Германскі канслер. Яшчэ гэтая мясцовасць цікава тым, што пад час Другой польскай вайны 1812 года тут спрабаваў прабіцца з боям да перапраў у Студзенцы Партуно. Дарогу яму перакрываў глыбокі яр. Спроба дывізіі абыйсці яр справа была спынена. 10 год таму тэрыторыя на лева ад дарогі на Пчэльнік была яшчэ не забудавана. Тут пад час сельскагаспадарчых прац былі знойдзены сляды боя. Паўдневей на тэрыторыі санаторыя было знойдзена вялікае пахаванне жаўнераў Вялікага войска.

8) Барысаўская Упсала

Сення зрабіў вандроўку ў барысаўскую Упсалу. Знаходзіцца гэты паганскі мясцовы рэлігійны цэнтар за плотам санаторыя Бярэзіна. Там некалькі доўгіх мысаў, паміж якімі глыбокія яры. На дзвух мысах знаходзяцца курганныя могілкі. Курганоў шмат, вельмі шмат. Паміж імі акопы 1917 ( Першая сусветная), 1919 (польска-расейская) і 1941 (2СВ). Частка курганоў пакопана даволі даўно, на асобных курганах даволі свежыя сляды працы сучасных чорных капальнікаў. З санаторыя да ракі праз някропаль ідзе залітая бятонам дарога. Пры будаўніцтве санаторыя і дарогі шмат курганоў было знішчана і пашкоджана. Сярод курганоў вылучаецца адзін вялікі вышынёй каля 5 метраў, побач трошкі меньшы. Вакол іх месцяцца больш дробныя курганы. Побач з гэтым някропалям знаходзяцца два мысавыя гарадзішчы, перакапаныя акопамі. Кожнае можа прецендаваць на ролю гарадзішча старажытнага Барысава, за якое зараз лічыцца гарадзішча ў Старабарысаве паміж рэчкамі Цына і Барыска.

9) Барысаў ляжыць на тэктанічным разломе. Ў зону разлома трапляюць Печы, залінейны і балота. Рэчкі Гайна, Сха, Пліса цякуць ў зоне разлома і нясуць атручаныя радонам воды ў Бярэзіну. Самае гіблае месца каля Новых Валосавічаў. Тут перакрэсліваюцца тры разлома.

10) Апошнія тры гады на Барысаўшчыне геадызісты праводзілі працы па ўдакладненню месцазнаходжання геадэзічных знакаў. Жоўтыя слупкі выкапваліся і пераносіліся ў новае месца. Па маім назіранням слупкі змяшчалі на адлегласць ад 0,25 да 0,5 м.

11)  РаёныБарысава маюць свае народныя назвы. 

Ляды (Лядзішчы, Блядзішчы (у пачатку 90-х пад час будаўніцтва Энкі)) і Энка.

12) Жэтон "Домбаль 229", верагодна, супрацоўніка Барысаўскага шклозавода імя Тадэвуша Дамбала. З маёй калекцыі.

14) 

У Барысаве яшчэ засталося шмат воданапорных вежаў, але некаторыя ўжо зніклі назаўсёды. Так разбурана цыліндрычная вежа на тэрыторыі вайсковай частцы ў Лядзішчах. Прызматычная вежа за Другой паліклінікай яшчэ стаіць. У вежы, што за Другой паліклінікай, даволі цікавая гісторыя. Раней гэта была вежа пажарнікаў МУС, знаходзілася яна на тэрыторыі былой пажарнай частцы. На вежы была пляцоўка, адкуль вартавы назіраў за горадам. Злева ад пажарнай частцы бліжэй да хлебазавода знаходзілася станцыя хуткай дапамогі. У 1983 годзе яна яшчэ працавала.

15) Раней пісаў пра будаўніцтва сталіністамі ў другой палове 30-х гадоў ракаднай чыгункі з Барысава ў Асіповічы праз Плісу. У сувязі з рэакупацыяй заходняй часткі Беларусі будаўніцтва ракады было закінута. Побач з чыгункай знаходзіўся глыбокі кар'ер (зараз закінуты, часткова засыпаны смеццем), які функцыянаваў яшчэ ў часы Гальштэйн-Раманавых. Што яшчэ маглі вазіць ў горад з кар'ера акрамя пяску і друзгі ? 
Каля чыгункі Барысаў-Менск у пачатку 20 ст. знаходзіўся цагляны завод. На месцы гэтага завода зараз лесапілка. Іншых кар'ераў недалёка ад гэтага завода, акрамя ўжо згаданага, няма. Гэты кар'ер найбольш верагодна і будаваўся з самага пачатку для абслугоўвання цаглянага завода, тут капалі гліну.

16) 

Лысая гара- так у Беларусі і ў нашых суседзяў клічуць месцы, дзе раней былі вялікія паганскія капішчы. Десці на Барысаўшчыне павінна была быць і свая лысая гара. Шукаў яе доўга і нарэшце знайшоў. Старажылы барысаўскіх вёсак распавялі, што раней лысай гарой менавалі гору, якая зараз мае назву Французская горка. Гэта тая гара каля рэчкі Бродня, на якой савецкія вайскоўцы пабудавалі свой назіральны пункт, вакол якога ў пачатку 90-х пачалі будавацца лецішчы.

17) Генеральская дарога- так барысаўчане клічуць ракаду паміж бальшакамі Барысаў-Зембін і Барысаў-Смалявічы на захадзе места. Але ў другой палове 80-х і пачатку 90-х Генеральскай дарогай менавалі зусім іншую трасу. Дарога гэта зараз праходзіць праз палігон (пазначана на мапе жоўтым), працягласць каля 4,9 км. У той час можна было вольна па ей праехаць на ровары ці прайсці пешшу, каб паглядзець вайсковыя трэнажоры, макеты тэхнікі, пазбіраць грыбы і ягады, палавіць карасей у шматлікіх вазерах на стрэльбішчы, пакатацца на мішэнях, ўсталяваных на рэйкі. Дарога будавалася, каб вайсковыя кантралёры з вялікімі зоркамі на наплечніках маглі з камфортам па асфальту на сваіх Волгах пад'ехаць да назіральных пунктаў. Адсюль, відаць, такая назва гэтай дарогі. У апошнія 20 год палігон інтэнсіўна эксплуатуецца, большая частка дарогі зачынена для цывільных.

18) Есць у Барысаве гай пасаджаны ў канцы 50-х гадоў. Знаходзіцца насупраць краязнаўчага музея. Роўныя шэрагі дрэваў складаюцца з бяроз, асін, клёнаў, акацый. Дрэвы старыя, аджываюць свой час. З аднаго бока парка стаіць жылая хата, з другога адна закінутая. Раней праз гай шла сцежка па якой можна было прайсці з прыпынка Музей да аўтобуснага прыпынка каля танка, каб сесці на аўтобус у левабярэжны Барысаў. Сцежка праходзіла каля плота складоў агародніі, на месцы якіх зараз гандлёвы цэнтар. Паміж гаям і Бярэзінай у 30-х гадах быў пабудаваны чыгуналіцейны завод. Карпусы завода зараз разбіраюць на цэглу. Добра дрэваў у парку было пасечана ў канцы 90-х, калі тут пачалі будоўлю малельні цыклапічных памераў для адной расейскай хрысціянскай секты. Пабудавалі падмурак і кінулі. Але побач зрабілі зменшаную копію малельні, якая працуе і зараз.

19) На Барысаўкай чыгуначнай станцыі калісці было кола для разварота лакаматываў. У 20-х гадах замест яго быў пабудаваны так званы разваротны трохкутнік, які захаваўся да нашага часу. А сляды паравознага кола зніклі.Адшукаць месцазнаходжанне гэтага механізма мне доўга не атрымлівалася, покуль не патрапіў у рукі план Барысава 1903 года, зробленый расійскімі вайскоўцамі. Ніжэй фрагмент гэтага плана. 
На ім ад чыгункі ў раене вакзала два адгалінаванні. Адно ідзе на ўсход да прыстані. Другое адгалінаванне ідзе паралельна ў бок маста. На ім і знаходзілася кола. Зараз у гэтым раёне праходзіць вул. Завадская з дамамі 3-11.

20) Пры камуністах заходнюю частку правабярэжнага Барысава з другой паловы 20-х займалі васковыя часткі (тэрыторыя пазначана на мапе жоўтым, у канцы 80-х перыметр тэрыторыі складаў каля 13.1 км, плошча каля 5.23 кв.км). За апошнія 20 год тэрыторыя горада, на якой гаспадарылі вайскоўцы, значна паменшылася. У 20-х гадах савецкія вайскоўцы ў гэтым раёне з'явіліся не выпадкова. У 1903 годзе ў Барысаў была пераведзена Першая асобная кавалерыйская брыгада РІВ, якая складалася з дзвух палкоў. Для сваіх заняткаў кавалерыя арэндавала ў мясцовага землеўладальніка даволі вялікі вольны ад леса кавалак зямлі, які менаваўся "Брыгадны плац" (перыметр палігона каля 6.3 км, плошча каля 1,72 кв.км). Палігон гэты знаходзіўся заходней сучаснай вуліцы Горкава. Вось тут і атабарыліся бальшавіцкія ваяры, выкарыстаў ужо існуючую інфраструктуру, пакінутую старым расійскім войскам. Раён гэты зараз больш вядомы як раён вуліцы Ватуціна (проста Ватуціна) і раён вуліцы Чалоўскай. Забудова гэтай тэрыторыі пачалася з вуліцы Чалоўскай, там дзе зараз ваенкамат.

21) Палігон.
227-мы Агульнавайсковы палігон, што знаходзіцца за заходняй мяжой Барысава, мае больш за стогадовую гісторыю. У 1863 годзе Барысаўшчына стала арэнай бітвы паміж расейскімі войскамі і польска-літоўскімі партызанамі, чырвоны бок якіх змагаўся за Федэратыўную польска-беларуска-украінскую Рэспубліку, незалежную ад Расіі. Параза айчынных паўстанцаў у той вайне ўзмацніла расійскую вайсковую прысутнасць у нашым краі. У горадзе квартэраваліся расійскія палкі, якія выкарыстоўваліся ў карных акцыях супраць рэвалюцыянераў, паўстанцаў і ў першую чаргу, супраць былых прыгонных рабоў, якія пастаянна бунтавалі. Зямля на правым беразе Бярэзіны паміж рэчкамі Пліса і Бродня належала землеўладальнікам Свідам. За ўдзел у паўстанні 1863 года гэтыя землі былі ў іх канфіскаваныя ў дзяржаўную казну і праданыя ў 1869 годзе па льготнаму кошту з растэрміноўкай на 29 год расійскаму карніку, генералу Хрысанфу Каладзееву. Яго прадпрыімісты сынок Іван пачаў здаваць гэтыя землі ў арэнду, у тым ліку, расійскім вайскоўцам. Для трэніроўкі палкоў кавалерыі ў раёне сучаснай вуліцы Ватуціна быў створаны Брыгадны плац. Для практыкаванняў у страляніне іншы расчышчаны кавалак леса быў прыстасаваны пад стрэльбішча. Знаходзіўся гэты палігон на захад ад сучасных гаражэй Мідас (пазначаны на мапе жоўтым). Плошча палігона ў пачатку 20 ст. Складала каля 2 кв.км, перыметр каля 6.4 км. У 30-40 х гадах новая маскоўская ўлада працягвала выкарыстоўваць гэтае стрэльбішча па прамому прызначэнню. Палігон менавалі тады Артпалігон Лядзішчы. Калі 41-м годзе бальшавікі збеглі з Беларусі і месца гэтых чырвоных занялі чырвона-карычневыя гітлераўцы, новая ўлада прыстасавала стрэльбішча для знішчэння жыхароў Барысаўшчыны. У Лядзішчах у той час размяшчалася турма Службы бяспекі. Ахвяр вывозілі на палігон і там знішчалі, пахаванне з'дзейснялі ў доўгіх акопах. Рэшткі людзей перыадычна знаходзяць у тым раёне беларускія вайскоўцы пад час інжынерных прац. У 1974 годзе у раёне гаражэй быў усталяваны помнік ахвярам гітлераўскага тэрору. Пазней яго перанеслі ў межы горада на вул. 50 год БССР.  

Дакладна не вядома, што рэшткі належаць менавіта ахвярам гітлераўскага тэрору. Не выключаю, што людзей на гэтым стрэльбішчы знішчалі рпней і сталіністы, як гэта было ў Трасцянцы.

У пачатку 50-х гадоў стрэльбішча пачалі пашыраць. Жыхароў вёсак, якія патрапілі ў межы новага палігона дабраахвотна-прымусова разам з хатамі звезлі ў Барысаў і пасялілі на сучаснай вуліцы Наватараў. 
У канцы 80-х плошча палігона складала каля 127 кв.км, перыметр каля 50 км. 
Танкавая дывізія, што атабарылася ў Лядзішчах, мела свой асобны танкадром недалёка ад вескі Вялікае Стахава. Зараз на месцы танкадрома зроблена траса для аўтагонак.

Палігон у пачатку 20 ст.

Палігон у канцы 80-х.

22) 

Прадпрыемствы Барысава пры расійскай, нямецкай і польскай акупацыі. Год пачатка працы.

1878-Барысаўская лесапільня. 
1881-Барысаўская карабельня Саламонава. 
1891-Фабрыка запалак Вікторыя Саламонава.
1898-Гута Кабанава.
1901-Механічная майстэрня па тачэнню дрэва (ММТД).
1935-Барысаўская фабрыка піаніна. На плошчах ММТД.
1901-Фабрыка запалак Бярэзіна.
1902-Папяровая фабрыка Папірус.
1902-Барысаўскі шпалапрапітны завод.
1911-Акцыянернае таварыства Калодачна-цвікавая фабрыка (Пазней завод Чырвоны металіст).
1911-Лесапільня Бергмана (ЛБ).
1925-Завод Камінтэрн (папяровая фабрыка). На плошчах ЛБ.
1927-Чыгуналіцейны завод Пралетарскі молат. На плошчах былой піваварні. (У 1986 годзе ўвайшоў у склад Рамонтна-механічнага завода).
1929-Каніфольна-шкіпідарны завод Беларускі парабак.
1931-Барысаўская макаронная фабрыка.
1932-Барысаўскі хлебазавод.
1933-Барысаўскі мясакамбінат.
1943-140 рамонтны завод.
1944-Барысаўскі млынавы камбінат #18.
1944-Барысаўскі малочны завод.
1945-Барысаўскі аўтарэмонтны завод.
1946-Арцель Чырвоны пішчавік (Сучасны кансерўны завод).
1946-Рамонтныя майстэрні леспрамгаса (РМЛ).
1960-Рамонтна-механічны завод на плошчах (РМЛ).
1947-Барысаўскі завод гумавых вырабаў.
1949-2566 завод па рамонту радыёэлектроннага ўзбраення.
1958-Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання.
1958-Барысаўскі цэх МТЗ.
1961-Барысаўскі завод гідраапаратуры (БЗГ) . На плошчах барысаўскага цэха МТЗ.
1970-Барысаўскі завод агрэгатаў. На плошчах БЗГ.
1961-Барысаўскі завод бытавой хіміі.
1962-Завод Жалезабятон.
1963-Барысаўскі піваварны завод.
1963-Цэх марозіва малочнага завода (З 2013 года ООО Нордар).
1964-Барысаўскі струментовы завод.
1965-Барысаўскі хіміка-фармацэўтычны завод.
1966-Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў.
1971-Завод Гідраўзмацняльнік.
1976-Беларускае вытворчае аб'яднанне Экран.
1989-Барысаўскі малочны камбінат. 

23)Тэрыторыя на фотаздымку ніжэй раней прыналежа Дняпроўскай танкавай дывізіі. Вясной 2018 года тут пачнуць будаваць раён на 6 тыс чалавек. Чырвоным пазначана тэрыторыя былой вёскі Лядзішчы. Памятаю, як у канцы 80-х у беразняку, што каля агародаў, разбяралі драўляную хату, відаць засталася ад вёскі. Блакітным пазначана тэрыторыя былой вайсковай плаўбазы, там яшчэ можна ўбачыць рэшткі басейна. Крыжам пазначана месца, дзе закопана вежа ад танка. Вежа была закопана ў глебу па люкі і мы малымі раскапалі яе нутро і бавілі там час.

 

Працяг будзе.

Category: Артыкулы | Added by: Сяржук_з_Барысава (07.02.2019)
Views: 430 | Rating: 5.0/1
Total comments: 0
Name *:
Email *:
Code *:
Login form
Артыкулы [97]
Section categories
Артыкулы [97]
Our poll
Rate my site
Total of answers: 15
Site friends
  • Create a free website
  • Online Desktop
  • Free Online Games
  • Video Tutorials
  • All HTML Tags
  • Browser Kits
  • Statistics

    Total online: 1
    Guests: 1
    Users: 0
    Copyright MyCorp © 2024 | Free website builderuCoz