Пра гузікі пяхоты Літоўскага Корпуса у 1812 годзе.
Аўтар: Сяржук Кабрусёў. Барысаў, 27-05-2015.
Летам-восенню 1812 года французскай акупацыйнай адміністрацыяй з рэкрутаў і дабраахводцаў літоўскіх дэпартаментаў былі створаны 5 палкоў лінейнай пяхоты (нумары 18, 19, 20, 21, 22) і 2 палка лёгкай пяхоты Польскага войска Генеральнай Канфедэрацыі Польскага Каралеўства.
Прыналежнасць фузялёраў, уланаў да палка павінна была вызначацца нумарам на латунных гузіках, на рагатыўке і на набойніцы.
Гузікі трапляюцца дзвух памераў: малыя дыаметрам каля 18 мм і вялікія памерам каля 24 мм. Вялікія і малыя прышываліся на куртку да мундзіра малога штодзённага ў колькасці каля 9 адзінак, пазалочаныя вялікія (таксама каля 9) і малыя насілі на сваіх мундзірах афіцэры. Малыя гузікі ў колькасці каля 28 адзінак прышываліся на курткі фузялёраў да мундзіра вялікага параднага.
Гузікі літыя латунныя, трошкі пуклыя, ножка пляскатая з адной свідраванай адтулінай. Асаблівасць пяхотных гузікаў Літоўскага Корпуса-наяўнасць на іх падвойнага канта. Уланскія гузікі без канта, альбо ўвогуле без нумара.
Польска-літоўскія гузікі не ўнікальныя. Пры іх распрацоўцы былі выкарыстаны старыя гузікі былога французскага каралеўскага войска.
18 пп.
На тэрыторыі былога ВКЛ не ваяваў. Вядомы шматлікія знаходкі гузікаў гэтага палка.
Гузік малы 18 пп.
19 пп.
Ваяваў у Вільне. Пра знаходкі гузікаў гэтага палка покуль не чуваць. Але фузялёры гэтага палка маглі прышыць да сваіх мундзіраў і ўланскія гузікі з нумарам 19.
Гузік 19-га ўланскага палка. Мундзір улана з такімі гузікамі захоўваецца ў Вільне.
20 пп.
Гэты полк на тэрыторыі былога ВКЛ не ваяваў. Тыя, хто не памёрлі ад халеры, адышлі у Модлін. Гузікі гэтага палка знаходзяць у колькасці большай, чым гузікі 18 пп.
Гузік малы 20 пп.
21 пп.
Таксама не ваяваў на тэрыторыі былога ВКЛ. Пра знаходкі гузікаў гэтага палка покуль не чуваць.
22 пп.
У гэтага палка самая "доўгая" і трагічная вайсковая гісторыя. Першы бой полк прыняў 13 лістапада пад Кайданавым, дзе ад генерала Ламберта атрымаў паразу. Рэшткі палка адышлі ў Варшаву, трэці батальён з Менска быў накіраваны ў Барысаў для ўмацавання гарнізона Барысаўскай Расійскай крэпасці. 18 лістапада гарнізон фартэцыі быў разбіты, рэшткі палка пераправіліся на левы бераг Бярэзіны. Пасля ўзяцця Барысава французамі літвінскія жаўнеры далучыліся да адзелаў Вялікага войска, з якімі пераправіліся ў Студзёнцы на правы бераг ракі. Пад час Стахаўскай бітвы 26-28 лістапада рэшткі палка знаходзіліся ў рэзервах, удзела ў асноўнай фазе гэтай бітвы не прымалі, але, магчыма, прынялі ўдзел у апошняй бітве пад Касцюкамі, дзе абаранялі падыходы да маста праз Гайну. Жаўнеры палка з Вільні адышлі ў Варшаву, потым уліліся ў гарнізон Модліна, які склаў зброю 25 снежня 1813 года.
Знаходкі гузікаў гэтага палка штучныя. Адкапалі вялікі гузік і малы. На вялікім надпіс MUNCHHEIMER-імя варшаўскага фабрыканта.
Гузік малы 22 пп.
Гузік вялікі 22 пп.
Такім чынам, на дадзены момант не вядома, які выгляд мелі гузікі 19, 21 пяхотных палкоў, 17, 18, 20 уланскіх палкоў. Не вядомы таксама выгляд гузікаў батальёнаў лёгкай літоўскай пяхоты.
|