Чыгункі Барысава і ваколіц.
Аўтар: Серж Кабрусёў. Лістапад 2017 г. Барысаў.
Чыгунка Барысаў-Чырвоны Кастрычнік.
У пачатку 30-х гадоў 20 ст. прадпрыемствы і прыватныя гаспадаркі Барысава масава пачалі пераводзіцца на торф. Для гэтага на Белым балоце ў канцы 20-х гадоў быў пабудаваны тарфяны завод Чырвоны кастрычнік. З завода ў Барысаў была пракладзена вузкакалейная чыгунка працягласцю каля 12,5 км.
Цягнікі на сваім шляху з завода праходзілі каля вёскі Стахаўскі пруд, дзе праз рэчку Бродню быў пабудаваны мост. Канцавая станцыя гэтай магістралі знаходзілася на перакрыжыванні сучасных вуліц Чалоўскай і Люксембург. Адсюль торф накіроўваўся ў кацельную Акруговага шпіталя, які пабудавалі на Батарэях ў 1926-29 годзе. Пад час Другой сусветнай вайны на торфазаводзе гітлераўцамі быў створаны канцлагер.
У 50-х гадах чыгунка была падоўжана на 4,5 км амаль да вёскі Ляхаўка (блакітная траса). Відаць, у планах будаўнікоў было падоўжыць гэтую чыгунку да вёскі Старынка, у ваколіцах якой будаваўся яшчэ адзін торфазавод.
Для забеспячэння кацельных вайсковых гарадкоў Лядзішчы і Ватуціна торфам ад вузкакалейнай чыгункі Барысаў-Чырвоны кастрычнік (зялёны) былі пабудаваны адгалінаванні ў Лядзішчы (блакітны), каля 0,73 км і Ватуціна (жоўты), каля 1,21 км. Фрагмент сучаснай вуліцы "30 год БССР" ад вуліцы Наватараў на поўнач раней з'яўляўся пандусам (чырвоны), які вёў да чыгуначнага насыпа (тут была станцыя). А па сучаснай вуліцы Заходняй хадзілі цягнікі ў гарадок на вуліцы Ватуціна. Да Барысаўскага шклозавода таксама было працягнута адгалінаванне (сіняя траса), каля 2,14 км. Цягнікі на шклозавод хадзілі па сучасным вуліцам Наватараў, зав. Зялёнаму, вул. Сувязной. Адтуль цягнікі везлі торф да мясцовай электрастанцыі, пабудаванай ў 1930 годзе побач з запалкавая фабрыкай. Торф падаваўся на электрастанцыю элеватарам праз вуліцу.
У пачатку 50-х гадоў пачалося будаўніцтва Барысаўскага агульнавайсковага палігона. На тэрыторыі палігона знаходзілася вёска Бродня. Жыхары вёскі дабраахвотна-прымусова са сваімі хатамі былі перавезены па чыгунцы ў горад, дзе ў раёне вуліцы Наватараў было адбудавана іх селішча.
З горада па чыгунцы вывозілася рознае смецце, з шклозавода шлак, які выкідвалі абапал насыпа. За невялікую плату можна было праехацца з "камфортам" у глыб леса па грыбы. Абслугоўваў цягнік невялікі паравоз, які мясцовыя называлі Кукушка.
Працавала чыгунка да канца 60-х, потым рэйкі былі дэмантаваны. У межах горада слядоў былой чыгункі амаль не засталося. На ўскрайку раёна Энка пачынаецца стары чыгуначны насып, па якім пры жаданні можна прайсціся да самога Чырвонага кастрычніка праз вайсковы палігон і лясы.
Чыгунка Барысаў-Лядзішчы.
На захад ад Барысава ў 20-х гадах 20 ст. знаходзілася вёска Лядзішчы (каля 20 хат). Вёска размяшчалася на поўнач ад старога бальшака на Зембін (жоўты). Заходняй мяжой Барысава ў той час былі сучасныя вуліцы Гагарына і Люксембург, заходней пачынаўся лес, на лядзе якога і была вёска Лядзішчы.
У другой палове 20-х вайскоўцы РСЧА пачалі тут будаўніцтва вайсковай часткі і чатырохпавярховых цагляных дамоў для афіцэраў (самы стары 1930 года пабудовы. Было ўзведзена 6 такіх дамоў, адзін дзвух павярховы (былая сямігадовая школа)). Вёска Лядзішчы паздней была разбурана, жыхары пераселяны ў горад. Ад былой вёскі новы вайсковы гарадок і атрымаў сваю назву.
Для абслугоўвання сваёй гаспадаркі вайскоўцы ў канцы 40-х пабудавалі чыгунку стандартнай каляіны да чыгункі Барысаў-Мінск працягласцю каля 7 км (чырвоны).
Для забеспячэння мясцовай кацельнай торфам ад вузкакалейнай чыгункі Барысаў-Чырвоны кастрычнік (зялёны) было пабудавана адгалінаванне (блакітны).
Чыгунка гэтая выкарыстоўваецца і зараз, толькі стала трохі карацей, на пасляваенных мапах даходзіла да бальшака.
Адначасова з будаўніцтвам вайсковай часткі на месцы вёскі Лядзішчы, у канцы 20-х пачалося будаўніцтва вайсковых аб'ектаў на месцы вёскі Печы. Але да гэтага вайскоўцы РСЧА у Барысаве ўжо мелі сваі стацыянарныя базы. Адна х іх размяшчалася злева ад шашы Менск-Барысаў на захад ад стадыёна. Калі паглядзець на форму лініі чыгункі Барысаў-Лядзішчы, то можна заўважыць, што яна мае ў паўднёва-заходняй частцы выгіб на поўнач. Тут знаходзілася чыгуначная станцыя, якая абслугоўвала гэтую вайсковую базу. Большасць афіцэраў жыла ў бараках, але ў 1936/37 гг былі пабудаваны 2 цагляных чатырохпавярховых дома (3, 4), дамы такія як у Лядзішчах і Пячах. Да нашага часу таксама захаваліся кашары (1, 2), пабудаваныя ў канцы 20-х. У народзе гэты вайсковы гарадок меў назву Ватуціна, па назве вуліцы на якой размяшчаўся.
Чыгунка Барысаў-Лепель-Полацак.
Каб у 30-х гадах 20 ст. перавезці грузы вайсковага прызначэння з Полацкага УР ў Менскі УР чыгункай трэба было ехаць з Полацака на Віцебск, з Віцебска на Воршу, адтуль праз Барысаў на Менск. Карацей, вайскоўцам у другой палове 30-х спатрэбілася ракада, якая бы па мерыдыану злучыла вайсковыя базы РСЧА у Барысаве з Полацакам.
У канцы 20-х пачаліся працы па распрацоўцы праэкта гэтай чыгунцы. Праэкт патрапіў у рукі да польскай выведкі. Так на польскай мапе 1932 года пазначаны прыкладныя трасы чыгунак (жоўтая лінія), якія былі павінны злучыць Барысаў з Лепелем, а Лепель з Полацкам і Віцебскам. Даўжыня трасы Барысаў-Лепель каля 72 км, Лепель-Полацак каля 69 км, Лепель-Віцебск каля 91 км. Польская выведка памылілася, чыгунку на Лепель у канцы 30-х пачалі цягнуць усходней Барысава.
У 1936-м годзе паміж Барысавам і Лепелем пачаліся інжынерна-геадэзічныя пошукі. У хуткім часе будаўнікі пачалі будаваць чыгуначную насып і масты праз рэкі. Але ў 1939-м годзе БССР пашырылася на захад і вайскоўцы замарозілі будаўніцтва гэтай чыгункі, грэблю пад чыгунку зрабілі часткова (паміж Барысавам і Лепелем тры буйныя фрагменты агульнай працягласцю каля 22,9+6,74+11,7=41,34 км і некалькі дробных), рэйкі так і не паклалі.
Да нашага часа захаваліся рэшткі насыпаў гэтай чыгункі, цагляныя масты.
Чыгунка павінна была праходзіць каля вёсак Ланкоўшчына, Гумнішча, Лясуны, Зачысце, Пупелічы, Старына, Маісееўшчына, Багданава, Чорная лаза, Барсукі і далей праз Лепель на Полацак.
Чыгунка Барысаў-Асіповічы.
Вайскоўцы РСЧА у другой палове 30-х гадоў таксама пажадалі злучыць Барысаў ракадай з чыгункай Менск-Асіповічы.
Праз Асіповічы можна было патрапіць па існуючым на той час чыгункам ў Бабруйск і Магілёў. Чыгунка з Барысава павінна была прымыкаць да пабудаванай у пачатку 30-х гадоў чыгунцы Верайцы-Градзянка (у Градзянцы знаходзіўся дрэваапрацоўчы завод). Па галіне Убарок-Халуй (Ліпень) пры яе дабудоўлі можна было бы патрапіць да маста праз Бярэзіну паміж Слабадой і Ялізавым мінуя Асіповічы (гэтай чыгункі зараз няма).
Але 1939-ты год спыніў будоўлю. У ваколіцах Барысава быў пабудаваны толькі невялікі кавалак гэтай чыгункі працягласцю каля 3,3 км, якую прыстасавалі для патрэб народнай гаспадаркі (для абслугоўвання пясчанага кар'ера, рэшткі якога можна пабачыць і зараз. З яго зрабілі сметнік). Чыгунка з Барысава праходзіла праз рэчку Плісу, дзе быў пабудаваны чыгуначны мост, да пясчанага кар'ера (трохкутнік на мапе). Пясок выкарыстоўваўся ў будаўніцтве і шкловытворчасці.
Зараз ад чыгункі засталіся фрагменты насыпа, рэяк няма. На месцы старога чыгуначнага маста пабудаваны драўляны. Яшчэ 10 год таму па гэтаму масту можна было праехаць на самаходзе, зараз мост у аварыйным стане, вытрымлівае толькі хадакоў. На поўнач ад чыгункі знаходзілася вёска Баранцы, на месцы якой зараз будынкі інжынернага палка (Зялёны гарадок) і паля аэрацыі.
Але гэтая чыгунка, насамрэч, цалкам у больш познія часы знішчана не была. Захаваўся яе фрагмент, які ідзе паралельна чыгунцы Барысаў-Менск. Пад час летніх вайсковых манёўраў 2017 года гэты кавалак чыгункі выкарыстоўваўся расійскімі жаўнерамі для пагрузкі-выгрузкі тэхнікі і вайсковай маёмасці.
Чыгунка ў вёсцы Студзёнка.
Вёска Студзёнка вядома не толькі сваімі пераправамі праз Бярэзіну, якімі карысталіся ў былыя часы скандынаўскія піраты і гандляры, войскі караля Карла і жаўнеры Вялікага войска Напаляона, а таксама чыгункай.
Чыгунка гэтая была пабудавана ў канцы 20-х гадоў 20 ст. Абслугоўвала цагляны завод, які знаходзіўся на поўначы вёскі Дрыгба (зараз тут база МНЗ). Цэгла па чыгунцы з завода вазілася на прыстань на левым беразе Бярэзіны, адтуль на баржах у Барысаў. Працягласць чыгункі каля 2,7 км. Зараз ад чыгункі засталіся фрагменты грэблі.
Рэзервны чыгуначны мост праз Бярэзіну.
У Барысаве ёсць толькі адзін чыгуначны мост праз Бярэзіну. У выпадку яго аварыі рух на чыгунцы Ворша-Менск спынецца. Бліжэйшыя мост праз рэку каля Ялізава на простай адлегласці 100 км. Патрапіць туды можна з Воршы праз Магілёў. Логіка падказвае, што трэба на чыгунцы з такім напружаным трафікам мець і другі мост. Відаць, так разважалі будаўнікі, калі пачалі ўзводзіць адгілінаванне ад чыгункі і яшчэ адзін мост на ўсходзе Барысава (блакітная траса на мапе). Мост павінен быць даўжынёй каля 200 м. Агульная даўжыня чыгункі каля 9 км. Але справа далей будоўлі чыгуначнага насыпа так і не пайшла. Другі мост не пабудавалі, рэйкі не паклалі. Чыгуначны насып паступова расцягваюць на пясочак мясцовыя жыхары і праехаць на тым жа ровары без перашход па насыпу да Бярэзіны не атрымаецца.
Чыгунка Жодзіна-Корань.
Гэтая вузкакалейная чыгунка была пабудавана ў пачатку 30-х гадоў і часткова праходзіла па барысаўскаму раёну. Была разабрана гітлераўцамі ў 1942-м годзе. Зараз ад яе засталіся рэшткі грэбляў. З Жодзіна па ёй у вёску Корань для будаўніцтва Мінскага УР вазілі неабходныя матэрыалы, а назад лес і торф. Агульная працягласць чыгункі каля 61 км. Чыгунка мае незвычайную трасу. Замест таго, каб пряцягнуць яе проста на поўдзень і выйсці ў раёне Калодзішч ці прайсці праз Лагойск і выйсці ў Смалявічах на чыгунку Барысаў-Менск, будаўнікі пацягнулі яе на ўсход у бок Студзёнкі, потым пайшлі на поўдзень, потым зноў на ўсход, потым на Жодзіна. Побач з гэтай чыгункай раней праходзіла чыгунка Барысаў-Чырвоны Кастрычнік. Верагодна, будаўнікі спрабавалі чыгунку з Кораня правесці да Барысава, але потым адмовіліся, бо чыгунка Барысаў-Чырвоны Кастрычнік на той момант не мела сувязі з чыгункай Барысаў-Менск.
Чыгунка ў Ганцэвічах.
30 лістапада 1951 года ў Жодзіна пачала працаваць электрастанцыя, будоўля якой пачалася ў 1947-м годзе. Электрастанцыя працавала на торфе. Каб яе забяспечыць торфам, у барысаўскім (Ганцэвічы), смалявіцкім (Усяж) і лагойскім (Нарбутава) раёнах былі пабудаваны тарфяныя заводы, аб'яднаныя вузкакалейнай чыгункай у адзін вялікі комплекс. Чыгунка ў ваколіцах Жодзіна праходзіла па масту праз чыгунку Барысаў-Менск да электрастанцыі (зялёная траса), часткова выкарыстоўвала грэблю чыгункі Жодзіна-Корань, якую гітлераўцы разабралі ў 40-х (чырвоная траса). У 1985-м годзе электрастанцыю перавялі на мятан і неабходнасць у торфе знікла. Чыгунку з электрастанцыі да торфараспрацовак даўжынёй каля 19,6 км разабралі (зялёная траса). На малюнке стан чыгункі на канец 80-х гадоў (блакітная траса). Зараз у Ганцэвічах і Усяжы заводы працягваюць працаваць, але чыгуначнай сувязі паміж імі і Плешчаніцамі ўжо няма.
Чыгунка Палік-Булава-Сялец.
Гэтая вузкакалейная чыгунка да вёскі Булава была пабудавана ў 20-х гадах. Працягласць каля 8.4 км. Выкарыстоўвалася для вываза леса, які потым сплаўлялі з возера Палік па Бярэзіне на поўдзень. У 50-х гадах 20 ст чыгунка была падоўжана на 16 км да вёскі Сялец і прыстасавана для вываза торфа.
Чыгунка Жодзіна-Астравы.
Гэтая самая старая вузкакалейная чыгунка, якая калісці праходзіла праз барысаўскі раён. Была пабудавана ў 1923-м годзе. Злучала Жодзіна з лесанарыхтоўкамі, потым з торфараспрацоўкамі каля вёскі Астравы (зялёная траса). У 1925 годзе чыгунку планавалі працягнуць да Ігумена, але справа не пайшла. На малюнку стан чыгункі на пачатак 30-х гадоў. Агульная даўжыня каля 13 км. Пасля будаўніцтва электрастанцыі ў 1951 годзе каля Жодзіна чыгунка была працягнута далей на поўдзень. Зараз ад яе захаваўся невялікі кавалак стандартнай шырыні каля электрастанцыі, які выходзіць на чыгунку Барысаў-Менск.
Чыгунка Барысаў-Магілёў.
Праэкт гэтай чыгункі быў распрацаваны ў 1901-м годзе. Ініцыатарамі выступілі кіраўнікі маёнтка Стара-Барысаў, які належаў дому Гальштэйн-Раманавых. Траса чыгункі агульнай даўжынёй каля 122 км павінна была злучыць Барысаў з Магілёвым. Па ёй планавалася перавозіць лес у балтыйскія парты праз Магілёў. Лес павінны былі сеч ў ваколіцах Стара-Барысава, Мётчы, Вяляціч, Эсмонаў, якія знаходзіліся на землях Раманавых. Але грошы на будаўніцтва чыгункі не знайшліся (пайшлі на дыяменты балярынам :)) і праэкт памёр (больш падрабязна пра гэтую чыгунку можна пачытаць на старонках краязнаўчай газеты "Гоман барысаўшчыны").
Завадскія чыгункі.
У другой палове 20-х у Барысаве пачалося будаўніцтва Макароннай фабрыкі. На завод была працягнута чыгунка стандартнай каляіны ад чыгункі Ворша-Барысаў працягласцю каля 400 м (блакітная траса). У больш позні час гэтую чыгунку разабралі і пабудавалі новую працягласцю каля 460 м (зялёная траса). Напэўна, гэта самая кароткая завадская чыгунка ў Барысаве.
У пачатку 20 ст. на балотах на паўднёвы-ўсход ад чыгуначнага барысаўскага вакзала быў пабудаваны шпалапрапітны завод. На яго тэрыторыі для выканання розных тэхналагічных аперацый была пабудавана вузкакалейная чыгунка. На 2005 год пряцягласць яе складала каля 1,35 км (жоўтая траса). У 2008 годзе старую чыгунку разабралі і побач з ёй пабудавалі чыгунку стандартнай каляіны. Стары цэх пачатка 20 ст. разабралі на цэглу.
Калісці ў Барысаве было тры прыстані на Бярэзіне. Самая вялікая на ўсход ад лініі чыгункі Барысаў-Ворша. Да прыстані ад гэтай чыгункі ў другой палове 20-х шло адгалінаванне працягласцю каля 1,3 км. Ад гэтай чыгункі на ўсход да Фанернай фабрыкі шла яшчэ адна чыгунка. Гэта чыгунка захавалася, а чыгункі на прыстань ужо даўно няма.
Для абслугоўвання дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў і электрастанцыі на правым беразе Бярэзіны было пабудавана адгалінаванне ад чыгункі Барысаў-Ворша (працягласць 1,41+0,34 км, чыгунка існуе і зараз). Калі гэтая чыгунка была пабудавана дакладна не вядома, але ў другой палове 20-х ужо існавала. Для забяспячэння прадпрыестваў торфам вузкакалейная чыгунка Чырвоны Кастрычнік-Шклозавод была пряцягнута ў гэты раён. Даўжыня яе склала каля 18 км.
Тэхналагічныя чыгункі.
Для разварота лакамаціваў на чыгунцы Барысаў-Менск у межах Барысава існуе спецыяльны чыгуначны вузел. У другой палове 20-х ён існаваў. Ці існавала на станцыі кола для разварота паравозаў (прыстасаванне больш складанае, але займае менш месца) не вядома.
|