Беларускія вайсковыя фармацыі ў Летуве ў 1918-23 гг. Знакі рознасці, строй.
Аўтар: Сяржук Кабрусёў
Мятэжны полк.
9 лістапада 1918 года Рада БНР у Менску выдала пастанову аб фармаванні беларускага войска. Гэта была трэцяя спроба стварэння беларускімі актывістамі нацыянальнага войска. Першая і другая спробы былі няўдалыя. У першы раз беларускае войска знішчылі ўлады РСФСР, другі раз улады Нямецкай Імперыі. 11 лістапада генералу К.Кандратовічу і палкоўніку К.Езавітаву даручана стварэнне штаба 1-га Беларускага палка. У тым жа месяцы Рада БНР дамовілася з уладамі Рэспублікі Летува аб пераходзе штаба Беларускага палка пад летувіскае вайсковае кіраўніцтва (нямецкія акупанты забаранілі стварэнне самастойнага беларускага войска). Войска Летувы толькі пачало стварацца, складалася прыкладна з 250 вайскоўцаў і ўлады Летувы былі не супраць умацавання яго беларусамі. У сувязі з магчымай акупацыяй Менска ў пачатку снежня штаб палка пакінуў места і разам з нямецкімі войскамі пераехаў у Вільню. 10 снежня 1918 года Менск захапілі войскі РСФСР.
20 сакавіка 1919 года. Вакзал у Гародні. Амерыканскія, летувіскія і белаларускія жаўнеры.
У снежні 1918 года ў беларускай Вільне пачалося фармаванне 1-га і 2-га Беларускіх палкоў войска Рэспублікі Летува. Летувіска-беларускае войска стваралася на грошы Антанты для стрымлівання імперскай экспансіі РСФСР на Захад. Уласных сродкаў у Рады БНР для ўтрымання нацыянальнага войска не было, вайсковае і палітычнае супрацоўніцтва з Летувой улады БНР разглядалі як тактычны ход, у выніку якога за чужы кошт павінно было стварыцца ядро нацыянальнага беларускага войска. Пры наяўнасці грошаў гэтае супрацоўніцтва ў любы момант можна было бы ў будучыні спыніць.
Перад камэндатурай у Гародні.
27 снежня 1918 года з Вільні, якую занялі пасля зыходу немцаў войскі РСФСР, у Гародню пераехала Рада БНР, а разам з ёй штабы беларускіх палкоў летувіскага войска. 29 студзеня пачалася мабілізацыя ў беларускія палкі на гарадзейшчыне. Хутка былі ўкамплектаваныя 1-шы Пяхотны Беларускі Гарадзенскі полк (з кадраў 1-га БП) і спецбатальён камендатуры Гародні, апошні з афіцэрскіх кадраў расфармаванага 2-га БП. ППБГП узначальвалі спачатку палкоўнік Л.Лаўрэнцьеў, потым з 14 сакавіка 1919 года палкоўнік К.Езавітаў. У канцы лютага полк складаўся з 4-х ротаў і налічваў каля 800 чалавек. Батальён камэндатуры ўзначаліў камэндант Гародні капітан М.Дзямідаў. Батальён складаўся з роты грэнадзёраў, гусарскага швадрона і музыкаў. Налічваў каля 350 чалавек.
18 красавіка 1919 года. Камэндатура ў Гародні. Летувіскія, беларускія і французскія жаўнеры.
Кавалерыйскі швадрон камэндатуры Гародні.
Адначасова з фармаваннем беларускіх палкоў летувіскага войска ідзе стварэнне беларускай міліцыі. 6 лютага 1919 года камісар Плянты-Шчучынскага певета Кастусь Езавітаў выдаў загад:
"Для парадку і абезпэчэньня жыхароу ад грабежоу і гвалту мною ствараецца Павятовая Міліцыя.
Начальнікам міліцыі, з 8-го гэтаго Лютаго, назначаю Грамадзяніна ДРАМОВІЧА.
Начальніку міліцыі прыказываю зараз-же прыступіць да запісі кандыдатау у міліцыю.
Прыймацца могуць асобы не меньш як 22 гадоу і па рэкамэндацыі Валасных Камітэтау...
Адзнакі для міліцыанероу будуць гэтакія:
Павязка на левам рукаве з трох коляроу — белай, чырвонай і белай;
З такіх же коляроу круглая кокарда на шапках;
нацыанальны гэрб — Пагоня на шапцы пад какардой."
Па ўспамінах Ружанцова беларуская кавалерыя камендатуры насіла мундзіры з чырвонымі кантамі, пяхота ППБГП мундзіры з белымі кантамі. Па Латышонку ў кавалерыі пятліцы былі белыя, а ў пяхоты чырвоныя, але гэтая версія польскага даследчыка не чым не падцвярджаецца. Мундзіры выкарыстоўваліся беларусамі расейскія, нямецкія, брытанскія, амерыканскія, летувіскія.
Летувіская цэшка мадэлі 21-02-1919.
Беларуская цэшка. Пачала ўжывацца беларускімі афіцэрамі-дыпламатамі ў Рызе з лістапада 1919 года.
Летувіскія пятліцы мадэлі 21-02-1919 года: 1-шараговы, 2-капрал, 3-малодшы сяржант, 4-сяржант, 5-фельдфебель, 6-падпаручнік, 7-паручнік, 8-капітан, 9-маёр, 10-падпалкоўнік, 11-палкоўнік.
За 1919-1923 год пятліцы мяняліся тройчы. У афіцэраў пачынаючы з маёра кант на пятліцах павінен быў быць колера войска: жоўты-пяхота, белы-кавалерыя, ружовы-сапёры, чырвоны-артылерыя, блакітны-штаб. Потым кант на пятліцах замянілі галуном. Пазней пятліцы замест чорных сталі каляровымі.
Праэкт афіцэрскага параднага строя войска Летувы. 1919 год.
У красавіку ў Коўна былі сфармаваныя 5-я рота ППБГП, вартавая каманда і вучэбны падафіцэрскі зьвяз. У канцы красавіка 5-я рота была пераведзена ў Гародню.
Беларускія афіцэры на службе ў войску Летувы.
5 лютага 1919 года ў Беластоку пілсудчыкі заключылі дамову з немцамі са згоды дзяржаў Антанты (сапраўдны ўдар нажом у спіну беларусам !) аб далучэнні да Польскай Рэспублікі нямецкіх захопаў на ўсходзе. Немцы адыходзілі з тэрыторыі БНР на паўночны-захад, іх месца займалі пілсудчыкі. Беларускае войска замінала польскім імперскім планам. Спачатку, пілсудчыкі паспрабавалі шляхам агітацыі разлажыць беларускія атрады летувіскага войска. У выніку іх антыбеларускай працы з ППБГП ў польскае войска дэзіртаваў адзін батальён (каля 500 чалавек). Здраднікаў залічылі ў Ковенскі полк Літоўска-беларускай дывізіі Польскага войска. Потым польскія агрэсары пазачынялі ва акупаваных нашых гарадах беларускія вярбовачныя пункты, беларускіх афіцэраў арыштавалі. Ну і нарэшце, некачаная здрада прыйшла з боку летувіска-нямецкіх хаўруснікаў. Міністэрства абароны Летувы 23 красавіка загадала перайсці ППБГП пад польскае вайсковае кіраўніцтва. Частка беларускіх афіцэраў не згодных з такім рашэннем, пакінула ППБГП і пераехала ў Коўна. 27 красавіка пілсудчыкі акупавалі Гародню. 28 красавіка польскія войскі абязброілі гусарскі швадрон камэндатуры, а беларускіх афіцэраў і жаўнераў, якія адмовіліся падпарадкавацца, узялі пад арышт (за польскімі кратамі апынуўся камандзер пяхотнага палка Антонаў). 5 траўня швадрон вызвалілі, разам з 5-й ротай ППБГП ён адышоў у Коўна. 30 траўня польскія ўлады вырашылі перавесці былы ППБГП, які з 23 красавіка стаў часткай Польскага войска, у Слонім у рэзерв. Камандаванне палка адмовілася выконваць польскі загад і 1 чэрвеня пілсудчыкі абязброілі беларускую частку. У сувязі з прыездам у Гародню Пілсудскага варта з Аляксандраўскіх кашараў, дзе жылі беларускія жаўнеры, была знята. Пасля ад’езда Пілсудскага 11 чэрвеня беларускі мятэжны полк быў адразу расфармаваны. Праваслаўных жаўнераў і габрэяў адпусцілі па хатах, каталікоў перавялі ў іншыя польскія палкі, афіцэраў узялі пад арышт. Першы Пяхотны Беларускі Гарадзенскі полк, як беларускі аддзел у летувіскім войску (лістапад 1918-23 красавіка 1919), а потым у польскім (23 красавіка-11 чэрвеня 1919) перастаў існаваць.
У баях з бальшавікамі і пілсудчыкамі.
Пасля разгрома пілсудчыкамі ў Гародні Першага Пяхотнага Беларускага Гарадзенскага палка (ППБГП), ацалелі толькі 5-я рота ППБГП (каля 200 чалавек) і варта стала рэгістрацыі ў Коўна (40 чалавек). З іх у чэрвені 1919 года былі сфармаваны 1-я і 2-я Асобныя беларускія роты.
Гусарскі швадрон камэндатуры ротмістра Глінскага (каля 50 чалавек), які пілсудчыкі неяк нечакана выпусцілі з Гародні, уключаны ў склад 1-га летувіскага ўланскага палка, верагодна, у 3-ці гусарскі швадрон.
20 чэрвеня 1919 года 1-я Асобная беларуская рота на чале з маёрам М.Яніцкім была накіравана на фронт пад Двінскам. Уваходзіла пад час баёў з бальшавікамі ў Марыямпальскі батальён. Так 28 жніўня ў баях каля вёскі Сусэкле і маёнтку Шэдэрн быў забіты беларускі паручык Юры Пліска і чатыры жаўнеры. У пачатку кастрычніка рота была ўключана ў склад 1-га батальёну 3-га палка Вітаўта Вялікага.
Беларускі афіцэр Пятро Дзегцяроў. Лістапад 1919 года.
Беларускі афіцэр Андрэй Ганзін. Лістапад 1919 года.
Беларускі афіцэр Віталь Казлоў. Лістапад 1919 года.
Беларускі афіцэр Пятро Ласінскі. Лістапад 1919 года.
Гусарскі швадрон нёс варту на польска-летувіскай мяжы на Нёмане. 23 жніўня пад Сэйнамі швадрон быў атакаваны пілсудчыкамі і ў выніку гэтага страціў 1 афіцэра і 12 жаўнераў палоннымі.
17 лістапада 1919 года роты сведзены ў беларускі батальён. Камандзір маёр Ружанцоў. У пачатку снежня ў батальёне таксама арганізаваны звяз сувязі, кулямётны звяз. Былы гусарскі швадрон у батальёне займаўся выведкай і сувяззю. Знаходзіўся батальён у пачатку 1920 года на Двіне. 4-га лютага пераведзены ў 3-ю літоўскую ПД.
Маёр А.Ружанцоў.
3-ці гусарскі швадрон.
У лютым 1920 года летувіскія ўлады абвінавацілі Міністэрства беларускіх справаў (МБС) на чале з Я.Варонка ў шпіянажы на карысць Масквы. За краты патрапілі службоўцы МБС. Рэпрэсіі таксама закранулі беларускія аддзелы. 1 красавіка 1920 года батальён перафармаваны ў Беларускую роту, з яго звольнены пад’афіцэры расійцы і беларусы, якія паходзілі з замежжа.
12 ліпеня 1920 года летувіскія ўлады здрадзілі ў чарговы раз беларусам. Летува заключыла мірную дамову з РСФСР. Гэтыя дзве краіны падзялілі тэрыторую БНР паміж сабой. Гародня, Вільня, Ашмяны, Шчучын, Смаргонь, Браслаў, Ліда, Паставы адышлі да Летувы, гэтыя тэрыторыі Летува, нягледзячы на прызнанне БНР, беларусам так і не перадала. Пасутнасці, з гэтага моманта беларусы, якія ваявалі на баку Летувы, сталі на шлях калабарацыі.
Беларускі жаўнер войска Летувы.
У жніўні беларуская рота стала на ахову савецка-летувіскай мяжы пад Браславам, папоўнілася мясцовымі дабраахводцамі. 28 жніўня летувіскія і беларускія войскі занялі Вільню.
22 верасня пілсудчыкі перайшлі ў наступ і 25-га выбілі летувісаў з Гародні.
27 верасня 1920 года ў Вільне створаны штаб Беларускага асобнага батальёна. Камандзір палкоўнік Успенскі. Беларуская рота ўвайшла ў яго склад.
Штаб Беларускага асобнага батальёна. Коўна.
Пад ціскам Лігі Нацый пілсудчыкі спынілі наступ, 7 кастрычніка было ўсталявана перамір’е. Але ўжо 9 кастрычніка парушыўшы ўсі дамовы польскі імперыалізм пайшоў у наступ і акупаваў беларускую Вільню. 12 кастрычніка камандзер польскіх аддзелаў Жэлігоўскі прызначыў сябе вярхоўным гаспадаром Сярэдняй Літвы, якую ён абвесціў на акупаваных землях БНР.
31 кастрычніка роту замест Ружанцова, якога ўзялі пад арышт і абвінавацілі ў сувязях з бальшавікамі і агітацыю супраць Летувіскай рэспублікі, узначаліў Благавешчанскі.
19 лістапада пад Гедройцамі, 21-га пад Шырвінтамі адбыліся баі паміж палякамі і летувісамі, прапольскімі беларусамі і беларусамі пралетувіскімі. Летувіскія войскі адышлі з пазіцый.
1 снежня 1920-га года рота і кулямётны звяз пераведзены ў Коўна, дзе знаходзіцца штаб Беларускага Асобнага батальёна. Колькасць жаўнераў батальёна складала каля 500 чалавек.
У 1921-м годзе батальён узначаліў маёр Розманс. Частка несла вартавую службу на польскай мяжы, працавала на чыгунцы.
Беларускія жаўнеры Летувіскага войска.
У 1922-м годзе батальён пераведзены ў Вілкавішкі. Аддзел выкарыстоўваўся як база для падрыхтоўкі дыверсійных груп з беларусаў для партызанкі супраць акупантаў Жэлігоўскага.
Вясной 1923 года пасля далучэння Сярэдняй Літвы да Польшы, у летувіскіх уладаў знікла патрэба ў беларускіх аддзелах. 25 красавіка 1923 года батальён перафармаваны ў беларускую роту, камандзір паручнік Яськоў.
20 ліпеня 1923 года рота расфармавана.
У беларускіх батальёнах і ротах, кавалерыйскім швадроне з лета 1919 года насілі статутныя летувіскія знакі рознасці мадэлі 1919 года. У афіцэраў на каўнеры чорныя трохкутныя пятліцы. На фрэнчы каляровыя канты: у пяхоце жоўтыя, кавалерыя-белыя, гарматнікі-чырвоныя. Пазней замест чорных пятліц пачалі ўжываць каляровыя.
Трэба адзначыць, што тыя афіцэры пяхоты, якія пачыналі сваю службу ў Гародні ў ППБГП хутчэй заўсё працягвалі насіць мундзіры з белымі кантамі, як было прынята ў ППБГП да яго разгрома пілсудчыкамі, а ў Гусарскім швадроне мундзіры з чырвонымі кантамі.
На фуражках цэшка з Пагоняй у колерах летувіскага сцяга.
Строй выкарыстоўвалі як статутны летувіскі мадэлі 1919 года, так і брытанскі, амерыканскі, нямецкі, расійскі. Насілі фуражкі, падобныя сваёй канструкцыяй на амерыканскія, французскія, расійскія. На фуражках аколыш колера войскаў, у афіцэраў светлы раменчык. Асобныя афіцэры насілі на фрэнчах бел-чырвона-белыя стужкі.
Сцяг Беларускага асобнага батальёна бел-чырвона-белы з Пагоняй.
|