Беларуская дывізія ў Адэсе.
Аўтар Сяржук Кабрусеў.
У лютым 1918 года на Румынскім фронце была створаная Беларуская дывізія. Дывізію планавалі перакінуць у Менск, але з лагістычных праблем гэта не атрымалася. Дывізія была інтэрніраваная ў Румыніі. Пасля сканчэння вайны ў ваколіцах Адэсы апынулася шмат беларускіх вайскоўцаў з гэтай дывізіі. Урад БНР паставіў мэту аднавіць Беларускую дывізію, перакінуць камбатантаў на радзіму і з іх дапамогай бараніць незалежнасць БНР. Палкоўнік Павел Вэнт 20 лістапада 1918 года ад урада БНР атрымаў паўнамоцтвы на стварэнне беларускіх вайсковых адзінак на тэрыторыі Украінскай дзяржавы і накіраваўся ў Адэсу. Акрамя яго стварэннем беларускага войска займаўся консул Некрашэвіч.
Павел Вэнт.
Фарміраванне Заходняга войска пачалося па ініцыятыве Аляксандра Бахановіча, які называў сябе старшынёй Часовага краёвага ўраду Беларусі і звярнуўся з такой прапановай да Дзянікіна.
Дзянікін А. І.
Войска павінно было быць інтэрнацыянальным, складацца з беларусаў, вялікаросаў, літоўцаў.
Генерал Анры Бертло.
Фарміраванне Заходняга войска Расійскай дзяржавы планавалася ў ваколіцах Адэсы. Камандуючым арміяй і адказным за яе фарміраванне ў пачатку 1919 года Дзянікін прызначыў генерала Гальфтэра (але ў студзені 1919 года Гальфтэр падаў у адстаўку).
Праз брак сродкаў Заходняе войска так і не была сфарміравана, праект застаўся на паперы.
Як вынікае з мемарандума віцэ-старшыні Беларускага нацыянальнага цэнтра Сцяпана Некрашэвіча ад 13 студзеня 1919 года да камандуючага саюзнымі войскамі генерала Бертло, Некрашэвіч прапанаваў замест інтэрнацыянальнага Заходняга войска стварыць беларускае Заходняе войска, хаўруснае Добраахвотніцкаму войску (стварэнне войска ўжо пачалося з беларускіх вайскоўцаў і ўцекачоў), і накіраваць яго на Гродзеншчыну на вызваленне Беларусі, акупаванай палякамі і бальшавікамі. Дзянікін блага ставіўся да Некрашэвіча, як і да іншых прадстаўнікоў усіх нацыянальных рухаў былой Расійскай імперыі, якіх лічыў сепаратыстамі. Як і Аляксандр Бахановіч, Дзянікін бачыў гэтую армію інтэрнацыянальнай.
Сцяпан Некрашэвіч.
Консул БНР Некрашэвіч у канцы лютага 1919 года зноў звярнуўся да Бертло ў справе стварэння беларускіх узброеных фарміраванняў і атрымаў дазвол на фарміраванне Беларускай дывізіі Расійскага войска. Дывізію ўзначаліў палкоўнік БНР Павел Вэнт.
Пасля акупацыі Адэсы бальшавікамі Вэнт разам з Дывізіяй перайшоў на іх бок. Дывізія была перафармавана ў 19-ю беларускую савецкую брыгаду 3-га войска Украінскага фронту.
У траўні 1919 года пад час антыбальшавіцкага паўстання Грыгор'ева (паўстанне пачалося 8 траўня) беларуская брыгада Вэнта далучылася да паўстанцаў. Атрымала назву Беларуская сялянская брыгада. Вэнт за вызваленне Адэсы ад бальшавікоў ад Дзянікіна атрымаў шаргу генерала.
Атаман Грыгор'еў Нікіфар.
Паўстанне было знішчана, брыгада расфармаваная бальшавікамі.
Ніжэй дакументальнае кіно Няўзброеная Рэспубліка, прысвечанае падзеям 1919 года ў Адэсе.
https://youtu.be/uqe6ZoptZqs
|