Friday, 19.04.2024, 13:03
Welcome Guest

Уніфармалогія беларускага войска

Артыкулы

Main » Articles » Артыкулы

Войска БНР і беларускія атрады ў войску Летувы, Польшы, РДР, РСФСР і Эстоніі ў пачатку 20 ст.

Войска БНР і беларускія атрады ў войску Летувы, Польшы, РДР, РСФСР і Эстоніі ў пачатку 20 ст.

Аўтар: Серж Кабрусёў.

У планах беларускага актыва на чале з генералам Кандратовічам было стварэнне восенню 1917 года Беларускага корпуса войска РДР, які павінен быў складацца з Беларускай ПяхДыв (ПБМП, ПСБП, БПВ ды іншыя палкі пяхоты) і Беларускай КавДыв (ПГБНП, БКПЯ ды іншыя палкі кавалерыі). Перашкоды суседзяў, унутранае непаразуменне паміж рознымі групоўкамі не дазволілі беларускаму актыву стварыць паўнавартаснае нацыянальнае войска, якое бы абараніла Беларусь ад нямецкай, польскай, расійскай, летувіскай, украінскай і латвійскай экспансіі. Паспрабую пералічыць вайсковыя адзінкі, у якіх служылі беларускія патрыёты, беларускія легіянеры і проста беларускія манкруты-калабаранты.

1. Першы Беларускі Менскі полк (3-х батальённага склада) Беларускай цэнтральнай вайсковай рады (БЦВР) войска РДР, потым РСФСР. Камандзір Манцыводы. Колькасць жаўнераў каля 350. Пачаў стварацца БЦВР у лістападзе 1917 года ў Менску з асабістага дазвола глаўкаверха РДР палкоўніка Духоніна. 24 лістапада глаўкаверх РСФСР Крыленка выдаў афіцыйны загад аб стварэнні ПБМП. Расфармаваны 8 снежня 1917 года ўладамі РСФСР, уключаны ў склад 289-га запаснога палка. 289 полк накіраваны на ахову чыгункі за межы горада.

Сябры Вялікай беларускай рады і Беларускай цэнтральнай вайсковай рады. Менск, кастрычнік 1917 г.

2. Першы Гусарскі беларускі нацыянальны полк (ПГБНП-былы 6-ты Таўрагенскі памежны конны полк), 357-я Віцебская беларуская дружына, 401-я Менская беларуская дружына, 4-ты армейскі корпус (абвешчаны беларускім), 43-я пяхотная дывізія (абвешчана беларускай). Беларускія часткі войска РДР на Румынскім фронце ва Украіне і Румыніі. Створаны ў студзені 1917 года ў ваколіцах Адэсы і Ясаў. Падпарадкоўваліся Беларускай вайсковай камісіі Румынскага фронта на чале з генерал-маёрам Пажарскім. Расфармаваны вясной 1918 года румынамі і немцамі.
3. Беларускі конны полк ротмістра Р.Якубені БЦВР войска РСФСР. Дыслакаваўся ў Красным, потым у Воршы. Быў створаны з беларускага ўланскага палка, які фармаваўся пад Псковам. У лютым у Воршы патрапіў у бальшавіцкае атачэнне, склаў зброю.
4. Першы Смаленскі беларускі полк (ПСБП) БЦВР войска РСФСР. Дыслакаваўся ў Смаленску. Створаны з 377-й Віцебскай дружыны. Разброены бальшавікамі ў пачатку лютага.
5. Беларускі полк у Віцебску (БПВ) БВР Паўночнага фронту войска РСФСР. Камандзір паручык Лапо. Створаны ў пачатку 1918 года з Віленскай дружыны. Разброены польскім Чырвоным Варшаўскім дывізіёнам у пачатку лютага 1918 года пасля захопа беларускімі жаўнерамі ўлады ў Віцебску.
6. Беларускі полк у Лунінцы БЦВР войска РСФСР.
7. Чырвоная Беларуская Краёвая Абарона БЦВР войска РСФСР. Стварэнне аддзела пачалося ў пачатку студзеня 1918 года з дазвола глаўкаверха М.Крыленка і ў гэтым жа месяцы спынена ўладамі РСФСР.
8. Першы Менскі беларускі полк БЦВР. Аўтаномны беларускі аддзел. Камандзір палка І.Рачкевіч. Беларуская міліцыя горада Менска. Старшыня міліцыі Ф.Ждановіч. Створаны аддзелы 20 лютага 1918 года. Абязброены немцамі 25 лютага 1918 года. У баях удзела не прымалі.

Беларускае войска ў лютым 1918 года.


9. Першы Пяхотны Беларускі Гарадзенскі полк войска Рэспублікі Летува з беларускіх легіянераў. 9 лістапада 1918 года Рада БНР у Менску выдала пастанову аб фармаванні беларускага войска. У лістападзе ў Менску быў сфармаваны штаб 1-га Беларускага палка. У тым жа месяцы штаб палка пераходзіць пад летувіскае вайсковае кіраўніцтва (27 лістапада 1918 года БНР пад ціскам нямецкіх акупантаў увайшла ў склад Рэспублікі Летува на правах аўтаноміі). У снежні ў Вільні створаны штаб 2-га беларускага палка. 27 снежня штабы пераязжаюць у Гародню. У лютым 1919 года з кадраў ПБПП ствараецца 1-шы Беларускі Пяхотны Гарадзенскі полк (каля 800 чалавек), з кадраў ДБПП створаны спецбатальён камэндатуры Гародні (каля 350 чалавек). Батальён складаўся з роты грэнадзёраў, гусарскага швадрона і музыкаў. Міністэрства Абароны Летувы 23 красавіка 1919 года загадала перайсці ППБГП пад польскае вайсковае кіраўніцтва. 28 красавіка польскія войскі абязброілі гусарскі швадрон камэндатуры. 5 траўня швадрон пілсудчыкі вызвалілі, разам з 5-й ротай ППБГП швадрон адышоў у Коўна. 1 чэрвеня абязброены, а 11 ліпеня 1919 года расфармаваны пілсудчыкамі ППБГП. ППБГП удзела ў баях з бальшавікамі і пілсудчыкамі не прымаў.

Беларускія легіянеры ў войску Летувы. 1918-1919 гг.


10. Беларуска-літоўская дывізія Польскага войска. Створана 16 лістапада 1918 года. Папаўнялася летувіскімі і беларускімі калабарантамі (польскія ўлады не прызнавалі БНР). 21 кастрычніка 1919 года падзелена на 1-ю і 2-ю ЛБД. Ваявала з войскамі Летувы і РСФСР.
11. Беларускі асобны батальён войска Летувы. Пасля разгрома пілсудчыкамі ў Гародні ППБГП, ацалела толькі яго 5-я рота і варта стала рэгістрацыі ў Коўна. З іх у траўні 1919 года былі сфармаваны 1-я і 2-я Асобныя беларускія роты войска Летувы. Гусарскі швадрон уключаны ў склад 1-га летувіскага ўланскага палка. 17 лістапада 1919 года роты сведзены ў Беларускі батальён. Камандзір маёр Ружанцоў. Батальён прымаў удзел у баях з войскамі РСФСР летам-восенню 1919 года каля Двінска. 1 красавіка 1920 года батальён перафармаваны ў Беларускую роту. Знаходзілася рота на польска-летувіскім фронце. 27 верасня 1920 года ў Вільне створаны Беларускі асобны батальён. Камандзір палкоўнік Успенскі. Беларуская рота ўвайшла ў яго склад. Батальён прымаў удзел у баях з пілсудчыкамі за Вільню. 31 кастрычніка роту ўзначаліў Благавешчанскі. 1 снежня рота і кулямётны з’вяз пераведзены ў Коўна. У 1921 годзе батальён узначаліў маёр Розманс. Частка несла вартавую службу на польскай мяжы, працавала на чыгунцы. Займалася падрыхтоўкай беларускіх дыверсантаў для адпраўкі ў польскі тыл. 28 сакавіка 1923 года батальён перафармаваны ў асобную беларускую роту, камандзір Яськоў. 20 ліпеня 1923 года рота расфармавана.

Беларускія легіянеры ў войску Летувы. 1920-1923 гг.


12. Беларуская дывізія войска Часовага Краёвага Урада Беларусі (ЧКУБ) РДР Дзянікіна у Адэсе. Пачала стварацца ў пачатку 1919 года з беларускіх вайскоўцаў былога Румынскага фронту. Налічвала каля 1000 чалавек. Восенню 1919 года знішчана войскамі РСФСР.
13. Беларускі батальён Беларускай вайсковай камісіі (БВК) пры Галоўным камандаванні Польскага войска. Пачатак фармавання 22 кастрычніка 1919 года. Планавалася стварыць пяхотную дывізію з беларускіх калабарантаў у польскім войску. Быў створаны батальён (каля 150 чалавек), вучэбны звяз. У баях з летувісамі і расейцамі ўдзела не прымаў. Расфармаваны батальён 21 красавіка 1921 года.

Афіцэр БВК польскага войска.


14. Асобны атрад БНР (БНР прэм’ера В.Ластоўскага) у Балтыі Станіслава Булак-Балаховіча. Створаны 15 лістапада 1919 года з Асобнага атрада Балаховіча войска Эстоніі. Складаўся на 4/5 з расійцаў. Атрад ваяваў з войскамі РСФСР каля Ізборска. 23 лютага 1920 года Балаховіч перайшоў на службу да пілсудчыкаў. 

Легіянеры Станіслава Булак-Балаховіча. Восень 1919 года.


15. Войска БНР на чале з Начальнікам БНР генералам Станіславам Булак-Балаховічам (БНР прэм’ера В.Адамовіча). Створана ў Мазыры 12 лістапада 1920 года з беларускіх атрадаў вылучаных з войска Русской Народной Добровольческой Арміі і мясцовых апалчэнцаў. Колькасць войска каля 1000 жаўнераў. У баях з бальшавікамі 26 лістапада войска адышло на польскі бок мяжы, дзе было інтэрніравана пілсудчыкамі.

16. Першая Слуцкая стралковая брыгада войска БНР (БНР прэм’ера В.Ластоўскага). Мабілізацыя ў брыгаду пачалася 14 лістапада 1920 года. Складалася з 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага палкоў, кавалерыйскага швадрона, артылерыйскай батарэі. Палкі з мясцовага апалчэння. Ваявала з войскам РСФСР. 31 снежня 1920 года брыгада інтэрніравана пілсудчыкамі.

Сцяг Слуцкай стралковай брыгады.

17. Войска Кайданаўскай Рэспублікі. Рэспубліка абвешчана ў Кайданава ў лістападзе 1920 года. Начальнік рэспублікі Павал Калечыц. Войска з мясцовых апалчэнцаў і дэзертыраў з войска РСФСР. Ваявала з войскам РСФСР за Кайданава. 16 сакавіка 1921-га года войска ў чарговы раз спрабавала захапіць Кайданава, але безпаспяхова.
18. 4-я група (беларуская) партызан Саюза летувіскіх стралкоў. Група беларускіх партызанаў В.Разумовіча (мянушка Хмара) з места Мерач. Створана 10 кастрычніка 1921 года летувіскімі ўладамі з беларусаў для барацьбы з пілсудчыкамі. Колькасць каля 200 дыверсантаў. У траўні 1923 года з Групы дэзіртавалі да бальшавікоў каля 60 партызанаў, у выніку чаго Групу летувіскія ўлады расфармавалі.

Category: Артыкулы | Added by: Сяржук_з_Барысава (05.01.2017)
Views: 1674 | Tags: БНР | Rating: 4.0/1
Total comments: 0
Name *:
Email *:
Code *:
Login form
Артыкулы [96]
Section categories
Артыкулы [96]
Our poll
Rate my site
Total of answers: 15
Site friends
  • Create a free website
  • Online Desktop
  • Free Online Games
  • Video Tutorials
  • All HTML Tags
  • Browser Kits
  • Statistics

    Total online: 1
    Guests: 1
    Users: 0
    Copyright MyCorp © 2024 | Free website builderuCoz