Thursday, 25.04.2024, 06:41
Welcome Guest

Уніфармалогія беларускага войска

Артыкулы

Main » Articles » Артыкулы

Першая Слуцкая Стралковая Брыгада.

Першая Слуцкая Стралковая Брыгада.

 

 Аўтар: Сяржук Кабрусёў

 

Палкавая гісторыя

 

12 кастрычніка 1920 года тэрыторыя БНР была падзелена ў Рызе паміж РСФСР і Польскай рэспублікай. Беларусы з ніводнага лагеру не ўдзельнічалі ў тых перамовах. Рада случчыны БНР, не згодная з умовамі падзела, вырашыла абараняць незалежнасць беларускай рэспублікі зброяй.

Далоў ганебны Рыжскі падзел. Плакат.

 

У кастрычніку 1920 года Слуцк быў адбіты пілсудчыкамі ў бальшавікоў. У пачатку лістапада пра-польскі Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны стварыў міліцыю ў складзе да 500 чалавек, якую ўзначаліў Ян Мацэля. Стварыць паўнавартаснае войска польскія акупанты беларусам не дазволілі. 14 лістапада з’езд Случчыны выбраў Раду Случчыны БНР і прыняў рэзалюцыю аб мабілізацыі ў беларускае войска, стварэнне якога стала магчыма пасля пачатку сыхода пілсудчыкаў з края. У адпаведнасці з дамовамі ў Рызе, случчына адыходзіла да бальшавікоў. Вайсковая тройка Рады (Жаўрыд, Анцыповіч, Мацэлі) 22 лістапада пачала фармаваць з міліцыянтаў, партызанаў, дабраахвотнікаў 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войска Беларускай Народнай Рэспублікі. Брыгада складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага, кавалерыйскага швадрона, артылерыйскай батарэі. Брыгаду ўзначаліў капітан Анастас Анцыповіч, потым 3 снежня пасаду камандзіра брыгады заняў Антон Сокал-Кутылоўскі. Камандзірам 1-га Слуцкага палка быў прызначаны капітан Павел Чайка, 3 снежня яго змяніў падпалкоўнік Гаўрыловіч. Камандзірам 2-га Грозаўскага палка быў прызначаны капітан Лукаш Сяменік, былы камендзір антыбальшавіцкага партызанскага аўтаномнага аддзела, перашэдшага ў 1919 годзе на бок пілсудчыкаў. Батальёнамі ў Грозаўскам палку камандавалі капітан  Самусевіч і штабс-капітан Мацэлі. У Слуцкім палку камандзірам 4-га батальёна быў падпалкоўнік Гаўрыловіч. Камандзірам кавалярыйскага швадрона стаў паручнік А. Мірановіч. Былі створаны штаб брыгады, аддзелы выведкі і контрвыведкі, суд, шпіталь. 100 працоўных вінтовак пакінулі беларусам польскія вайскоўцы пасля сыхода. 500 вінтовак прынеслі самі камбатанты. У пачатку снежня афіцэры Балаховіча з Лунінца перадалі яшчэ вінтовак і кулямётаў. Такім чынам, у складзе брыгады было каля 2000 узброеных камбатантаў пры 10 кулямётах. Баяздольныя аддзелы Станіслава Балаховіча, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі акупаванай палякамі, Беларускі батальён БВК пры Польскім Генеральным штабе не здолелі з-за польскіх перашкод далучыцца да Слуцкай брыгады.

 

24.11.1920. Беларускія войскі адышлі ў Семежава на бальшавіцкі бок няйтральнай зоны, Слуцк акупавалі бальшавікі.

27.11.1920. Жаўнеры 1-га палка зрабілі напад на палявыя заставы 8-й дывізіі бальшавікоў на дэмаркацыйнай лініі на ўчастку Семежава-Вызна.

28.11.1920. 1-шы і 2-гі палкі вядуць бой з бальшавікамі на ўчастку ад Копыля да Вызны.

29.11.1920. Баі за Бялевічы і Вызну. Вызваленне Вызны ад бальшавікоў.

1.12.1920. Бальшавікі займаюць Вызну.

4.12.1920. У гэты дзень беларуская рэспубліка атрымала чарговы ўдар у спіну ад "польскіх братоў”. Пілсудчыкі дазволілі бальшавікам перайсці мяжу і праводзіць баявыя дзеянні на сваім баку нейтральнай зоны.

6.12.1920. 1-шы полк атрымаў паразу пад Ядчыцамі.

7.12.1920. Бальшавікі займаюць Семежава. Штаб брыгады перадыслакаваўся ў Подчыцы. Асобныя аддзелы перайшлі на польскі бок мяжы, дзе былі разброены палякамі.

8.12.1920. Штаб брыгады перадыслакаваўся ў Грыцэвічы. У брыгадзе пачынаецца эпідэмія тыфусу.

10.12.1920. Бой за вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі.

12.12.1920. Бой за вёску Старына.

13.12.1920. Вызваленне беларусамі ад бальшавікоў Семежава. Атака беларускага войска на Старыя Макраны. Адыход з Семежава.

15.12.1920. Штаб брыгады перадыслакаваўся ў Морач.

17.12.1920. Вызваленне беларусамі Семежава.

19.12.1920. Вызваленне беларусамі Вызна. Адыход вечарам з Вызна да вёскі Смолічы.

20.12.1920. Беларусы выбіты бльшавікамі з Семежава.

28-31.12.1920. Слуцкая брыгада перайшла раку Лань і склала зброю перад палякамі. Беларусы былі інтэрнаваны ў працоўныя лагеры ў Слонім, Беласток потым у Дарагуск. Вялікая колькасць узброеных случакоў (каля 2500 чалавек), балахоўцаў, перабежчыкаў з бальшавіцкага войска (разам каля 4000 чалавек) сканцэнтраваліся ў ваколіцах Нясвіжа з мэтай працягнуць узброеную барацьбу. Але і яны былі абязброены палякамі і інтэрнаваны.

Частка беларускіх жаўнераў засталася ў лясах на нейтральнай паласе і распачала партызанскую барацьбу з бальшавікамі. Шэрагі партызанаў папаўняліся жаўнерамі з працоўных лагераў. Польскія палітычныя ўлады рабілі ўсё магчымае, каб знішчыць беларускую дзяржаўнасць на раўне з бальшавікамі. Так 17-24 лютага 1921 года палякі разам з бальшавікамі правялі ў нейтральнай зоне карную супрацьпартызанскую акцыю.

Сцягі.

 
У слуцкай брыгады былі свае сцягі. Сокал-Кутылоўскі, удзельнік баёў з бальшавікамі пад Слуцакам, успамінае: "1-шы Слуцкі полк меў нават палкавы сьцяг надзвычай мастацкага выкананьня. Яго ахвяравалі палку беларускія жанчыны-патрыёткі. Сьцяг быў залацістага колеру, 2 метры ўдаўжкі і 1 мэтр ушыркі. Пасярэдзіне выкананая ў нацыянальных фарбах "Пагоня" каля 45 см у дыямэтры, а навокал надпіс: "1-шы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі". Сьцяг, як вайсковую і нацыянальную святыню, случчакі мелі з сабою падчас прабываньня за дротам, а калі разьяжджаліся з Дарагуску, сьцяг забраў я і перахоўваў аж да 1931 году, калі падчас вобыску польскае паліцыі сьцяг быў знойдзены і забраны, а мяне пацягнулі да адказнасці..."

Сцяг 1-га Слуцкага палка. Раскаляроўка чорна-белага фотаздымка 1921 года.

На сцягах першага і другога палкоў таксама былі надпісы: "Тым, што першыя паўсталі ды пайшлі ўміраць, каб жыла Бацькаўшчына". Надпісы маглі быць зроблены на адваротным баку сцягов, альбо на стужках да наверша дрэўца, дзе дакладна, не вядома.

Строй.

Слуцкая брыгада фармавалася каля 2 дзён, перад тым як пакінула Слуцак.  За гэты нерэальна кароткі тэрмін немагчыма было якасна навучыць, узброіць і абмундзіраваць войска.

Даследчык Латышонак, спасылаючыся на успаміны Аляксандра Яцкевіча, так апісвае строй камбатантаў слуцкай брыгады: "Арганізатары I Слуцкай СБ адчувалі недахоп як узбраеньня, так і абмундураваньня. У сувязі з гэтым характэрным для "случака" мундурам стаў пашыты ў хатніх умовах мундур з даматканага палатна: куртка тыпу фрэнч і штаны-галіфэ, а таксама шапка-вушанка з заечага футра". Як бачым, частка беларускіх жаўнераў ваявала ў звычайным вясковым што-дзенным строі.

Ваенкам выведкі 16-й арміі РСФСР Ю. Жэброўскі даносіў 30 лістапада ў Магілёў, што палякі даюць абмундзіраванне беларускім часткам: старыя папахі і абмоткі, чаравікі, нагавіцы, фрэнчы. Цэшка ў жаўнераў–Адамава галава, на рукавах бел-чырвона-белая стужка, альбо белая нарукаўка з чырвонымі літарамі  "Зямля і воля сялянам". Тут, на маю думку, пад палякамі маюцца на ўвазе балахоўцы з Лунінца (там знаходзіўся часовы штаб Станіслава Балаховіча), якія раней дапамаглі случчакам зброяй. Так Балаховіч апрануў сваё былое расійскае войска ў польскія жаўнерскія шэра-зяленыя польскія кіцелі 1917 года, жоўта-зяленыя амерыканскія і брытанскія фрэнчы. Відаць, такое абмундзіраванне атрымала частка жаўнераў Слуцкай брыгады ад Балаховіча. Больш познія паведамленні бальшавіцкай выведкі сведчаць аб узнікненні цяжкасцей у случчакоў з аднастайным абмундзіраваннем.

Амерыканскі кіцель. Насіўся жаўнерамі і афіцэрамі войска Станіслава Балаховіча. Такія кіцелі маглі атрымаць случчакі.

Пяхотная куртка мадэлі 1917 года для жаўнераў і падафіцэраў Польскага вермахта. Рэканструкцыя. Насілі такія курткі афіцэры і жаўнеры ў войску Станіслава Балаховіча і, верагодна, у Слуцкай брыгадзе.

Да нашага часу дайшоў толькі адзін фотаздымак афіцэра Слуцкай брыгады, зняты пасля тых радзей. На ім капітан Антон Борык побач з сцяга брыгады. Афіцэр апрануты ў жоўта-зялены польскі афіцэрскі кіцель мадэлі 1919 года. На наплечніках тры зоркі без пасак. Пятліц няма. 
Борык раней працаваў у шэрагах БВК на польскі генштаб. Але разам з некаторымі афіцэрамі пакінуў польскую службу і перайшоў на службу да БНР.  
Былых афіцэраў БВК, якія дабраліся да случчыны разам з ім, было няшмат: 
-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі (узначаліў у пачатку снежня брыгаду)
-сам капітан Антон Борык (начальнік штабу брыгады, пазней зняты з гэтай пасады)
-маёр Андрэй Якубецкі ( камандзір брыгады, але ад кіраўніцтва брыгадай у хуткім часе быў адхілены)
-паручнік Тодар Янушэнка
-капітан Лукаш Сяменік (камандзір 2-га Грозаўскага палка).

Польскі афіцэрскі фрэнч мадэлі 1919 года. Рэканструкцыя. Насілі такія, толькі без польскіх пятліц, афіцэры Слуцкай брыгады (Борык)..

Узнагароды.

Ордэн Крыж Пагоні. 
 Распрацаваў ордэн Лявон Дубейкаўскі ў студзені 1921 года дзеля ўзнагароджання слуцкіх паўстанцаў, што вызначыліся ў баях з бальшавікамі. Як выглядала стужка да ордэна, не вядома.

Праэкт ордэна Крыж Пагоні і яго графічная рэканструкцыя.

 

Category: Артыкулы | Added by: Сяржук_з_Барысава (26.12.2013)
Views: 3804 | Tags: БНР | Rating: 5.0/1
Total comments: 0
Name *:
Email *:
Code *:
Login form
Артыкулы [97]
Section categories
Артыкулы [97]
Our poll
Rate my site
Total of answers: 15
Site friends
  • Create a free website
  • Online Desktop
  • Free Online Games
  • Video Tutorials
  • All HTML Tags
  • Browser Kits
  • Statistics

    Total online: 1
    Guests: 1
    Users: 0
    Copyright MyCorp © 2024 | Free website builderuCoz