Friday, 19.04.2024, 04:16
Welcome Guest

Уніфармалогія беларускага войска

Артыкулы

Main » Articles » Артыкулы

Паўстаньне 1863 года.
Паўстаньне 1863 года.
Па выданьню Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. / Алег Латышонак, Яўген Мірановіч.-Смаленск: Інбелкульт, 2013.
Паўстаньне, якое пачалося ў Царстве Польскім у ноч з 22 на 23 студзеня, засьпела Літву і Жамойць непадрыхтаванымі. Хоць змоўніцкая арганізацыя налічвала каля 3 тыс. чалавек, толькі на Гарадзеншчыне былі зробленыя папярэднія крокі да ўзброенай барацьбы, бо там было сабрана 100 адзінак агнястрэльнай зброі. Адначасова з Царствам Польскім паўстала толькі Беласточчына. Ноччу 23 студзеня атрад Уладзіслава Ціхорскага “Замочка” атакаваў Сураж.
У момант пачатку паўстаньня Літоўскім правінцыйным камітэтам кіравала тройка зацятых літоўскіх сэпаратыстаў: Канстанцін Каліноўскі, Ян Козел і Зыгмунд Чаховіч.
Паўстанцы Арленскага атрымліваюць сцяг пад Мінскам.
1 лютага ЛПК быў перайменаваны ў правінцыйны Часовы ўрад Літвы і Беларусі [літоўскіх (Віленска, Ковенская і Гарадзенская) і беларускіх (Віцебская і Магілёўская) губэрній]. Падкрэсліваючы сваю незалежнасьць, гэты ўрад прыняў маніфэст і дэкрэты польскага паўстанцкага ўраду ў Варшаве, унёсшы ў іх толькі нязначныя папраўкі. У пачатку лютага ў Сямятычах і ваколіцах сканцэнтраваліся некалькі падляскіх паўстанцкіх партыяў. Іх атакавалі расейцы, нанёсшы паўстанцам цяжкія страты. У выніку баёў згарэла частка гораду. З-пад Сямятычаў адзін з паўстанцкіх атрадаў на чале з Раманам Рагінскім накіраваўся ў глыб Гарадзеншчыны. Яму выпала місія пачаць узброенае паўстаньне на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі. Рагінскі са шматлікімі баямі дайшоў да Палесься, у ваколіцы Пінску, Слуцку і Турава. Тут ён быў разьбіты расейцамі і злоўлены ўзброенымі мяшчанамі ды сялянамі. Лёс Рагінскага перадвызначыў лёс ягоных наступнікаў. Большасць узброеных выступленьняў у Літве адбываліся паводле наступнай схемы: арганізацыя невялікага атраду (т. зв. партыі), сутычкі з расейцамі, параза, вылоўліваньне паўстанцаў сялянамі.
Паўстанцы рухаюцца на Навагрудак.
Расейскія ўлады хутка пераўзышлі паўстанцаў у спробах здабыць прыхільнасьць сялян. 13 сакавіка 1863 г. Аляксандр ІІ абвясьціў указ, якім уводзіліся абавязковы выкуп зямлі, зьніжэньне сумы гэтага выкупу на 20 % і скасаваньне ўсялякіх сялянскіх павіннасьцяў на карысць панскага двара з 1 траўня 1863 г. Зрэшты, сяляне перасталі адпрацоўваць свае павіннасьці адразу, аднак даволі доўга іхнае стаўленьне да паўстаньня не было варожым. Затое адназначна варожа ўспрыняла паўстаньне беларуская праваслаўная інтэлегенцыя, паў- і чвэрцыінтэлегенцыя, якая ўзьнікла ў выніку дзеяньняў Мікалая І, скасаваньня уніі і рэформы ў казённых уладаньняў. Праваслаўныя сьвятары, чыноўнікі, народныя настаўнікі і валасныя пісары складалі ўжо даволі значны пласт грамадзтва, культурна і палітычна арыентаваны на Расею. Цікава, што паўстанцы не рабілі нічога, каб здабыць прыхільнасьць гэтай часткі грамадзтва. Для Каліноўскага праваслаўны быў “схізматыкам”, які “як сабака, здохне чартам да пекла”. Канфрантацыя была непазьбежнай. Ідэалягічным лідэрам гэтага лягеру быў малады выкладчык Пецярбурскай праваслаўнай духоўнай акадэміі Міхайла Каяловіч. Ён заклікаў расейскія ўлады, каб яны ўзброілі беларускі народ і арганізавалі апалчэньне, якое абароніць Беларусь ад палякаў. Пад “палякамі” Каяловіч разумеў любога каталіка.
Шпіталь для паўстанцаў пад Мінскам.
У паўстанцкім лягеры ў сярэдзіне сакавіка адбыліся падзеі, якія маглі толькі ўзмацніць занепакоенасць праваслаўных ліцьвінаў. Да паўстаньня далучыліся “белыя”, якія ўчынілі пераварот у кіраўніцтве паўстанцкай арганізацыяй. Яны расьпусьцілі Часовы ўрад Літвы і Беларусі, а замест яго стварылі Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы на чале зь Якубам Гейштарам. Ужо сама зьмена сымбалізавала большую падпарадкаванасьць Варшаве. Па сутнасьці, пад кіраўніцтвам белых паўстаньне рабілася выключна барацьбой за далучэньне Літвы і Жамойці да Польшчы. Каліноўскі і Чаховіч пратэставалі супраць “контрэвалюцыі”, але “чырвоныя” былі занадта слабымі, каб дазволіць сабе канфрантацыю. Зрэшты, падзеі выразна засьведчылі, што паўстаньне паўсюль мае шляхецкі характар, а сяляне яго не падтрымліваюць. Аднак Каліноўскі застаўся ў кіраўніцтве паўстаньнем, бо заняў пасаду гарадзенскага камісара. Паўстанскі рух у Літве дасягнуў найвялікшага размаху ў траўні, калі ахапіў Менскую і Магілёўскую губэрні. У Віцебскай губэрні, за выключэньнем Інфлянтаў, да паўстаньня справа не дайшла. На Магілёўшчыне паўстаньне падняў пад канец красавіка Людвік Зьвяждоўскі “Тапор”. На кароткі час ён заняў Горы-Горкі, дзе да яго далучылася частка студэнтаў тамтэйшага земляробчага інстытуту. Аднак неўзабаве Зьвяждоўскі, якога перасьледавала войска і сотні ўзброеных сялян, загадаў свайму атраду капітуляваць. У сярэдзіне чэрвеня паўстаньне на Магілёўшчыне было ўжо падаўленае.
Генерал Грунт здаецца ў палон пад Барысавам.
Галоўным цэнтрам паўстаньня ў Літве была Гарадзеншчына. У траўні тут дзейнічала некалькі партыяў, якія разам налічвалі каля 1,7 тыс чалавек. Найвялікшая бітва паўстаньня адбывалася 2 і 3 чэрвеня пад Мілавідамі ў Слонімскім павеце. 800 паўстанцаў пад камандаваньнем палкоўніка Аляксандра Лянкевіча “Ляндэра” пасьпяхова далі адпор каля 1 тыс. расейцаў, нанёсшы ім сур’ёзныя страты. У траўні віленскім генэрал-губэрнатарам быў прызначаны Міхаіл Мураўёў. У Пецярбургу згадвалі пра ягоныя заслугі ў падаўленьні Лістападаўскага паўстаньня. Мураўёў распачаў палітыку тэрору, дзякуючы якой заслужыў сабе мянушку “Вешацель”, дадзеную расейцамі. Ён увёў кругавую адказнасьць насельніцтва засьценкаў і вёсак за аказаньне дапамогі паўстанцам, а памешчыкаў абклаў кантрыбуцыяй. Адначасова была арганізаваная вясковая варта, г. зн. сялянская міліцыя для барацьбы з паўстанцамі. Летам разьвеяліся і надзеі на ўмяшаньне заходніх дзяржаў. Расея пасьпяхова адхіліла катэгарычна пастаўленае перад ёй Англіяй, Францыяй і Аўстрыяй патрабаваньне спыніць ваенныя дзеяньні і даць аўтаномію Царству Польскаму. Арышты скарацілі колькасьць чальцоў Аддзелу кіраўніцтва правінцыямі Літвы, у сувязі з чым “белыя” ўключылі ў ягоны склад К. Каліноўскага і ягонага блізкага супрацоўніка Ўладзіслава Малахоўскага. Арышт расейцамі Я. Гейштара аддаў усю ўладу ў рукі К. Каліноўскага, аднак гэтая ўлада рабілася ўсё больш ілюзорнай. Рэпрэсіі Мураўёва зламалі волю да барацьбы ў памешчыцтва і шляхты, а сяляне паўсюдна выступілі на баку ўладаў. Партыі раскладаліся адна за другой. У верасьні В. Урублеўскі вывеў большасьць гарадзенскіх паўстанцаў у Царства Польскае. Восеньню ўзброенае паўстаньне ў Беларусі скончылася. Каліноўскі пратрымаўся ў падпольлі да лютага 1864 г., безвынікова спрабуючы аднавіць кансператыўную арганізацыю пасьля восеньскай паразы. Будучы арыштаваным, ён здолеў яшчэ перадаць на свабоду “Лісты з-пад шыбеніцы” на беларускай мове. На гэтай мове ён разьвітаўся з каханай ды з народам і выклаў свае погляды на агульную справу літвінаў, палякаў і жамойтаў. Аднак у адмысловай запісцы для расейскіх уладаў ён прызнаў магчымасць будучага саюзу Літвы і Жамойці з Расеяй пры ўмове замены расейскай палітыкі ў дачыненьні да гэтых краёў. Адзінай рэакцыяй Мураўёва была зьмена прысуду з расстрэлу на павешаньне. Прысуд быў выкананы публічна на Лукішскім пляцы ў Вільні.
Брыгада Ламброўскага атакуе расійскія гарматы пад Навагародкам.
Паўстаньне 1863 г. было найменьшым з антырасейскіх паўстаньняў у Беларусі. Ва ўзброенай барацьбе на баку паўстанцаў узялі ўдзел 3-4 тысячы чалавек–утрая менш, чым у паўстаньні 1831 г. Нягледзячы на ўсе намаганьні “чырвоных”, паўстаньне мела шляхецкі характар. Толькі на гарадзеншчыне сяляне складалі значную частку паўстанцаў–каля траціны. На Меншчыне іх было ў паўстанскіх партыях 20%, на Магілёўшчыне–толькі 13%. Паўстаньне 1863 г. было для Беларусі трагедыяй. Некалькі сотняў паўстанцаў загінулі ў баях, былі расстраляныя або павешаныя. Каля 10 тыс. чалавек былі высланыя ў глыб Расеі. Аднак найвялікшай трагедыяй было тое, што падчас паўстаньня беларускае грамадзтва падзялідася на два лягеры: каталіцкі, культурна і палітычна зарыентаваны на Польшчу, і праваслаўны з прарасейскай арыентацыяй [Аўтары забылі пра трэці лагер, лагер літоўскіх сэпаратыстаў з каталікоў і праваслаўных, які выступаў супраць расейскага і польскага вялікадзяржаўнага шавінізма]. Лідэры гэтых лягераў, Каліноўскі і Каяловіч [Наконт Каліноўскага, як лідэра першага лагера, вымушаны не згадзіцца з аўтарамі. Аўтары самі яго назвалі сэпаратыстам, які быў гатовы стварыць літоўскую аўтаномію, нават у складзе Расеі. Каліноўскі больш падыходзіць на лідэра трэцяй сілы], прапагандуючы імкненьне да дабра для беларускага народу, па сутнасьці давялі справу да свайго роду грамадзянскай вайны, якая вялася ў рамках агульнага польска-расейскага змаганьня. Паўстаньне 1863 г. было апошняй спробай колішняга кіроўнага грамадзкага пласту, каталіцкай шляхты і інтэлегенцыі, павярнуць хаду гісторыі назад. Аднак цывілізацыйны паварот, праведзены Мікалаем І, аказаўся трывалым. З таго часу ўсё большую грамадзка-палітычную ролю будзе адыгрываць праваслаўная інтэлігенцыя, якая спачатку паходзіла з духавенства, а пазьней ва ўсё большай ступені–зь сялянства. Абодва кіроўныя пласты падчас паўстаньня 1863 г. падзяляла прорва. Засыпаць яе давялося двум пакаленьням. У той час беларускі нацыянальны рух разьвіваўся раўнамерна ў межах дзьвух асобных плыняў–праваслаўнай і каталіцкай. Кіраваньне пры надзвычайным становішчы Генэрал–губэрнатар Мураўёў, які кіраваў Літвой і Жамойцю яшчэ некалькі гадоў, быў рашучым праціўнікам ня толькі польскасьці, але і беларускасьці. Ён абапіраўся на чыноўнікаў і праваслаўнае духавенства расейскага паходжаньня. Беларусам, нават і праваслаўным, ён не давяраў, таму ў пройгрышы аказаліся і мясцовыя прыхільнікі Расеі, пазбаўленыя ўсялякага ўплыву на кіраваньне краем.
Расейцы сякуць дрэвы каля свайго бівака пад Мінскам.
Паколькі расейцы не давяралі мясцовай шляхце, у Беларусі ня быў уведзены закон аб земскіх установах ад 1864 г., які прынёс вялікае ажыўленьне ў расейскую правінцыю. Са спазьненьнем у Беларусі ўвялі і рэформу судовага ладу, найбольш удалую з рэформаў Аляксандра ІІ. Грамадскае жыцьцё замерла надоўга. Да сярэдзіны 1880-х гг. у Беларусі захоўвалася надзвычайнае становішча.
У артыкулу выкарыстаны гравюры з часопіса Le Monde за 1863 год.
Category: Артыкулы | Added by: Сяржук_з_Барысава (02.03.2015)
Views: 945 | Tags: 1863, 1794, 1831 | Rating: 5.0/1
Total comments: 0
Name *:
Email *:
Code *:
Login form
Артыкулы [96]
Section categories
Артыкулы [96]
Our poll
Rate my site
Total of answers: 15
Site friends
  • Create a free website
  • Online Desktop
  • Free Online Games
  • Video Tutorials
  • All HTML Tags
  • Browser Kits
  • Statistics

    Total online: 1
    Guests: 1
    Users: 0
    Copyright MyCorp © 2024 | Free website builderuCoz