Friday, 22.06.2018, 00:32
Welcome Guest

Ваенна-гістарычны клуб "Літвінскае войска"

Артыкулы

Main » Articles » Артыкулы

Крыж Харобрых Пуніна-Балаховіча.

Крыж Харобрых Пуніна-Балаховіча.

Аўтар: Серж Кабрусёў, студзень 2018.

Дзеля вядзення дыверсійна-выведкавай дзейнасці ў нямецкіх тылах летам-восенью 1915 года ў складзе РІВ былі створаны спецыялізаваныя конныя аддзелы. Называліся асобымі (асобнымі) атрадамі альбо партызанскімі. Было іх шмат. Так на Паўднёва-заходнім фронце ў складзе 2-й кавдывізіі дзейнічал Асобы эскадрон, які ў верасні ўзначаліў карнэт С.Б.-Балаховіч. У лістападзе 1915 года карнэт С.Б.-Балаховіч, пасля перавода, камандуе 2-м эскадронам у Атрадзе асобай важнасці Глаўкома Паўночнага фронта пад камандаваннем Леаніда Мікалаевіча Пуніна. Атрад зводны, складаўся з вершнікаў з розных палкоў.  1 верасня 1916 года Леанід Пунін загінуў. Камандзірам атрада стаў паручык Грыбель. Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года жаўнеры адхілілі Грыбеля ад камандавання за контррэвалюцыйны ўхіл, новым камандзірам быў выбраны паручык Аляксандр Пунін, які ў сакавіку 1917 года з’ехаў на перамовы з новымі ўладамі Расійскай дзяржавы ў Петраград. Летам 1917 года С.Б.-Балаховіч прызначаны дапаможнікам Іларыёна Стаўскага–часовага камандзіра Коннага атрада асобай важнасці імя атамана Леаніда Пуніна (так атрад пачаў менавацца з 25 сакавіка 1917 года). Трэба адзначыць, што ў гэты час атрад займаўся не толькі рэйдамі па нямецкіх тылах. Так карная каманда на чале з Балаховічам удзельнічала ў падаўленні бунта ў 135-й дывізіі расійскага войска. У верасні 1917 года Жаўнерскі камітэт адхіліў за контррэвалюцыйны ўхіл штабс-ротмістра Аляксандра Пуніна ад камандавання Атрадам асобай важнасці, 15 верасня Пунін здаў камандаванне ротмістру Стаўскаму. Жаўнеры не прызналі Стаўскага сваім камандзірам і выбралі начальнікам ротмістра С.Б.-Балаховіча.

Афіцэры Коннага атрада асобай важнасці. 1916-1917 гг. Другі справа дужа падобны на Станіслава Балаховіча.

На фотаздымках, зробленых у верасні 1917 года, Пунін і яго паплечнікі носяць знак у выглядзе светлага крыжа з медальёнам. Крыж распрацаваны, верагодна, пры камандзіры Аляксандры Пуніным у канцы лета 1917 года, але афіцыйна ўведзены не быў, бо Пуніна адхілі ад камандавання ў верасні. Крыж пакрыты белай эмаллю, медальён: у вянку Адамава галава на перакрыжаваных паходні і бябудзе.

Пуніны. Бацька і сыны. Верасень 1917 года.

5 лістапада 1917 года Станіслаў Балаховіч афіцыйна ўвёў у Атрадзе асобай важнасці імя Пуніна, якім камандаваў, нашэнне гэтага Крыжа. Як  бачым, адзіным аўтарам Крыжа Харобрых Балаховіч не з’яўляўся, ён толькі ўзаконіў яго ўжыванне. 

Крыж Харобрых Пуніна-Балаховіча на шрубе мадэлі 1917 года.

Балаховіч ў Пскове. 1919 год. На кішэні Крыж Харобрых.

Праз год 5 лістапада ў атрадзе Балаховіча ў Эстоніі быў створаны Першы капітул (орган, які адказваў за эмісію, улік і распаўсюджанне ўзнагароды) Крыжа Харобрых. 5 красавіка 1920 года ў Групе Балаховіча пры Польскім войску разам з увядзеннем новых знакаў рознасці было дазволена ўжываць гэты Крыж. 29 верасня 1920 года загадам №816 Крыж Харобрых было дазволена ўжываць у Дабраахвотніцкім  хаўрусным войску Балаховіча. Другі капітул Крыжа Харобрых быў створаны 6 сакавіка 1921 года генералам Яраслаўцавым у Варшаве. Нарэшце, Трэці капітул пачаў працаваць 18 сакавіка 1931 года да дзесяцігоддзя Рыжскага падзела Беларусі. Узначальваў яго К.Яраслаўцаў.

У лютым 1920 года Балаховіч разам з сваім атрадам з войска БНР перайшоў на службу ў войска Польскай Рэспублікі. Вясной 1920 Балаховіч пачаў эксперыменты па распрацоўцы Крыжа Харобрых у новым выглядзе. На фотаздымках вясны 1920 года Балаховіч носіць на кішэні мундзіра Крыж. Крыж на шрубе, ад Крыжа Харобрых 1917 года адрозніваецца меньшым памерам.

Балаховіч у Бярэсці. 1920 год. На кішэні Крыж.

Крыж Харобрых мадэлі 1920 года.

Варыант Крыжа Харобрых, які не пайшоў у серыю.

Калі Крыж мадэлі 1917 года і 1920 года насіўся на шрубе, то Крыж мадэлі 1921 года насіўся ў асноўным на грудзі на чорнай стужцы з дзвума залатымі паскамі (ёсць варыант Крыжа, які насіўся на шыі).

Шыйны крыж мадэлі 1921 года з нумарам 148.

Крыж мадэлі 1921 года з часовым пасведчаннем.

З 1921 па 1931 год было рэалізавана каля 2200 Крыжаў. Самая масавая эмісія пачалася з 1931-га года. Замова на Крыжы капітулам была зроблена ў варшаўскай фірмы “Крупскі і Матулевіч”. Крыжы іх майстэрні адліты разам з медальёнам з срэбранага сплава, эмаль белая, медальён з чорнай эмаллю. На адваротным баку кляймо КіМ. Першая партыя Крыжаў колькасцю 5000 адзінак нумаравалася, другая партыя ў 5000 адзінак была замоўлена без нумара з больш таннага сплава. Цалкамлітыя вырабы КіМ сустракаюцца з дзвума тыпамі медальёнаў, якія адрозніваюцца выявай Адамавай галавы. Сустракаюцца таксама Крыжы КіМ з накладным медальёнам з чорнай і нават блакітнай эмаллю. Крыжамі Балаховіча фірма КіМ таксама ўздабляла партсігары ўласнай вытворчасці.

Крыж Харобрых мадэлі 1921 года майстэрні "Крупскі і Матулевіч". Без нумара.

Крыжы капітул прадаваў праз пошту па 25 злотых за адзінку. Узнагароджваемы атрымліваў паведамленне, што ён прадстаўлены капітулам да Крыжа, які можа выкупіць. Крыж пасля аплаты праз банк прыходзіў па пошце ў скрыньке з часовым пасведчаннем. У Капітуле часовае пасведчанне можна было замяніць на пасведчанне з фотаздымкам.

Былыя балахоўцы, незадаволеныя продажам Крыжа тым, хто ў паходах Балаховіча не ўдзельнічаў, пачалі скардзіцца ў прэсе. Трэці капітул прыйшлося зачыніць. Польскія ўлады забаранілі нашэнне Крыжа разам з іншымі баявымі ўзнагародамі. Пасля 5 снежня 1931 года афіцыйны гандаль Крыжам быў прыпынены, нелегальна ўзнагароду пачалі прадаваць ліквідацыйныя камісіі, якіх было 6 і якія, верагодна, дзейнічалі адначасова і паралельна. Гандаль працягваўся да канца 1939 года.

На антыкварным рынку сустракаюцца таксама крыжы з срэбранага сплава з накладным медальёнам паяным ці на заклёпках. На адваротным баку кляймо варшаўскай майстэрні Зігадлевіца з нумарам ці без яго. Гэтая фірма прадавала крыжы па 10 злотых ігнаруя Капітул. Таксама гэтая майстэрня прадавала ў 30-х гадах Зорку рыцараў смерці і Крыж з мячамі на стужцы з сімволікай пазычанай з Крыжа Харобрых.

Зорка рыцараў смерці.

Крыж з мячамі.

Акрамя агучаных вышэй фірм існавала шмат іншых, якія гандлявалі Крыжам ігнаруя Капітул. Па існаваўшым тады ў Польскай Рэспубліцы нормам, любы ўзнагароджваемы, які атрымаў прапанову ад Капітула, мог замовіць сабе ўзнагароду ў любога ювеліра, калі раптам  кошт капітульскай узнагароды яго не задавальняў. Гэтае правіла датычылася і дзяржаўных узнагарод. Так сустракаюцца Крыжы з танных сплаваў плакіраваныя срэбрам без клейм і нумароў. Не выключана, што майстэрня КіМ таксама прадавала Крыжы па меншаму кошту мінуя Капітул.

Партсігары, гадзіннікі з Крыжам Харобрых.

Пасля 2СВ у ПНР быў наладжаны выпуск фантастычных крыжаў, падобных на Крыж Харобрых. Вытворчасць падобных фантазійных вырабаў і танных копій Крыжа працягваецца ў Польшы і зараз. Выпускалі копіі Крыжа Харобрых і фантазійныя Крыжы ў 90-х гадах і расійскія ювеліры.

Category: Артыкулы | Added by: Сяржук_з_Барысава (21.01.2018)
Views: 204 | Rating: 5.0/1
Total comments: 0
Name *:
Email *:
Code *:
Login form
Артыкулы [84]
Section categories
Артыкулы [84]
Our poll
Rate my site
Total of answers: 9
Site friends
  • Create a free website
  • Online Desktop
  • Free Online Games
  • Video Tutorials
  • All HTML Tags
  • Browser Kits
  • Statistics

    Total online: 1
    Guests: 1
    Users: 0
    Copyright MyCorp © 2018 | Free website builderuCoz